ЗНАЧЭННЕ ПАЛАЦКА-ВІЦЕБСКІХ ТЫПАЎ.
пад увагу першапачатковую трохапсіднасьць полацкіх будоў, аналёгічную з Смаленскам, трэба заўважыць, што пераапрацоўка і відазьмена гэтага тыпу, пад інтэнсыўным, пэўна, уплывам Усходу, адбылася тут, мабыць, яшчэ шпарчэй, ніж у Смаленску. У апошнім процэс спрашчэньня альтарнае часткі ў самым канцы XII сталецьця быў даведзены толькі да паніжэньня бакавых апсід з наданьнем ім чатырохкутнага пляну, як гэта характэрна, напрыклад, для конструкцыі Сьвірскае царквы. Тым часам, у полацка-віцебскай архітэктуры прыблізна ўжо ў канцы трэцяе чвэрткі XII сталецьця спрашчэньне гэтае было даведзена да канца, разам з канчатковым зьнішчэньнем надворных бакавых апсід. Пры гэтым, няма падстаў думаць, каб тут маглі мець уплыў аднаапсідныя тыпы некаторых маленькіх чарнігаўскіх цэркваў, напрыклад, накшталт Ільлінскае, — бо ў гэтым выпадку зьяўлялася-б зусім незразумелай адсутнасьць падобных конструкцый у Смаленску, які падтрымліваў у той час досыць сьціслую і мірную сувязь з Кіеўшчынай, чаго ня было ў Полацка-Віцебскай Беларусі. Хутчэй, пры сталай варожасьці, якая існавала між Полацкім княствам і Кіевам, у даным выпадку, як мы ўжо зазначалі вышэй, выявілася пэўная залежнасьць ад тых ці іншых архітэктурных узораў з усходняе сфэры бізантыцкага ўплыву, г. зн. ад малаазійскіх і сірыйскіх форм, перададзеных праз пасярэднідтва Каўказу, што магло быць лёгічным вынікам старадаўніх гандлёвых зносін. Часткова (хоць, мабыць, і меней, як у Смаленску) да гэтага далучыліся таксама і некаторыя заходня-эўропейскія элемэнты, але толькі ў асобных дэталях.
У адносінах да наўгародзкае архітэктуры гэты полацка-віцебскі тып адыграў такую самую ролю, як і некаторыя смаленскія конструкцыі. Спачатку, відазьмена альтарных частак адбывалася там па смаленскіх узорах, г. зн, шляхам паніжэньня апсід, асабліва бакавых, што знайшло сабе найболей яснае выяўленьне ў цэрквах: Спаса-Нярэдзіцкай і Тамаша апостала на Мячыне і, нарэшце, у царкве Параскевы Пятніцы, дзе чатырохкутная конструкцыя бакавых апсід, апрацаваная ў Сьвірскай царкве, як мы ўжо паміналі вышэй, была прынята амаль што цалком. Потым да гэтых сыстэм далучыўся, мабыць, таксама ўплыў і з боку полацка-віцебскіх конструкцый, у выніку чаго асяродкавая апсіда засталася паніжанаю, бакавыя-ж зьніклі зусім, схаваўшыся ў тоўшчы ўсходняга муру. Першы прыклад такой альтарнай конструкцыі мы сустракаем у царкве Міколы на Ліпне 1292 г.; аднак, тут быў пераняты толькі самы прыём, але ня дэталі яго, бо зьмешчаныя ў сярэдзіне ўсходняга муру памяшканьні афяравальніка і дзяканіка страцілі пры гэтым характар паўкружын і зьвярнуліся ў