дынкі характарызуюцца сумай выразна самабытных форм і конструкцый. Ня меншым лікам помнікаў прадстаўлена беларуская малярская школа, пераважна ў галіне царкоўнага малярства, пачынаючы з фрэскавых росьпісаў XIV-XV сталецьцяў, якія рабіліся беларускімі майстрамі ў Польшчы (Люблін, Сандамір, Кракаў), і канчаючы доўгім шэрагам насьценных і паасобных композыцый XVII–XVIII сталецьцяў, што захаваліся ў старажытных гарадзкіх і вясковых цэрквах або сабраны ў нашых музэях. Таксама шмат помнікаў вядома нам у галіне разьбярства, як чыста скульптурнага, гэтак і дэкорацыйнага, з якіх апошняе мае асаблівы інтарэс, з прычыны пераходу яго ў XVII сталецьці ў Маскоўшчыну, дзе яно атрымала значнае пашырэньне, вызначаючыся, паміж іншым, спэцыяльным тэрмінам: "белорусская резь" у тагачасных маскоўскіх докумэнтах[1]. Асобнай галіной зьяўляецца гравюра, вытворы якой у вялізнай колькасьці знаходзяцца ў нашых старадруках з віленскіх, магілеўскіх і іншых друкарань XVI-XVIII сталецьцяў[2].
Значны лік матар’ялаў можна знайсьці таксама і ў галіне ўжытковага мастацтва XVII-XVIII ст. Ювэлірныя вырабы, гафты, тканіны, слуцкія паясы, урэчанскае шкло — усё гэта складае солідную групу мастацкіх вырабаў, досыць высокіх у тэхнічных адносінах і вельмі каштоўных у сэнсе выяўленьня цэлага шэрагу характэрных орнамэнтальных форм.
Нарэшце, апошняй галіной зьяўляецца чыста народнае, вясковае мастацтва з яго цікаўнай орнамэнтыкай у разьбярстве, ткацтве і гафтаваньні, разьвіцьцё якой цягнецца і да нашага часу.
Ужо адзін гэты кароткі пералік выразна паказвае тыя кірункі, у якіх трэба павесьці далейшыя шуканьні і разам з тым, выяўляе ўсю шырыню пастаўленае проблемы, якую, зразумела, нельга вырашыць адразу. Бясспрэчна, нават самыя першыя досьледы ў даным напрамку ўжо павінны быць замкнуты ў межы якой-небудзь аднэй, строга вызначанай сыстэмы. Па нашай думцы, у першую чаргу трэба высьветліць характар найбольш старадаўняга
- ↑ Аб малярстве і разьбярстве гл. нашыя працы: "Матар’ялы да гісторыі беларускага малярства XVIII сталецьця" ў зборніку "Віцебшчына", выд. Вецебскага Акр. Т-ва Краязнаўства, Віцебск, 1925; "Фрэскі Полацкага Барысаглебскага манастыра" ў часоп. "Наш Край" № 1, Менск, 1925 г. і "Каталёг аддзелу старажытнага мастацтва 1-ай Усебеларускай Мастацкай Выстаўкі", Менск, 1926, з артыкуламі: "Беларускае малярства ў XVII і XVIII сталецьцях" і "Дэкорацыйнае і скульптурнае разьбярства XVII-XVIII ст."
- ↑ Аб гравюрах мы пісалі ў "Нашым Краі" № 1 (4) 1926 г.: "Дрэварыты і орнамэнт у выданьнях Скарыны"; падрабязьней на тую самую тэму: "Гравюры і кніжныя аздобы ў выданьнях Францішка Скарыны" ў юбілейным зборніку ў памяць 400-лецьця беларускага друку, выд. Інстытуту Беларускае Культуры, Менск, 1926; апроч таго, гл. "Васіль Вашчанка — магілеўскі гравёр канца XVII - нач. XVIII ст." у навуковым зборніку Інстытуту Беларускае Культуры, выд. 1925 г., а таксама асобнымі адбіткамі: Менск, 1925.