Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/131

Гэта старонка не была вычытаная

КАЛАЖАНСКАЯ ЦАРКВА Ў ГОРАДНІ.

Аднак, не выключаецца магчымасьць знаёмства будаўнікоў Калажанскае царквы таксама і з тымі ці іншымі каўкаскімі ўзорамі з ліку помнікаў армяна-грузінскае архітэктуры; паказвалі, напрыклад, на царкву ў Лехне (Соук-Су) у Абхазіі, як на магчымы першаўзор Калажанскае будовы[1]; і запраўды, пры параўнаньні плянаў гэтых будынкаў выяўляюцца сьляды бясспрэчнага падабенства, як у разьмеркаваньні першае пары ўсходніх слупоў, незалежна ад кумпальнае сыстэмы, надзвычайна блізка да паміжапсідных сьценак, так і ў конструкцыі прытвору, аддзеленага ад асноўных нэфаў царквы ня цэльнаю сьцяною, але толькі слупамі падоўжанае ў папярочным кірунку формы, што сустракаецца, паміж іншым, таксама і ў першапачатковых смаленскіх будовах на Сьмядыні. Але ў некаторых дэталях ёсьць і вядомая розьніца: перш за ўсё, у царкве ў Лехне чатыры сярэднія слупы крыху пасунуты ў кірунку да ўсходу, так што кумпал тут не займае цэнтральнага месца; далей надворныя фасады царквы зусім гладкія і нутраныя слупы ані чым не адзначаны знадворку; з усходу-ж муры канчаюцца невялікімі простымі кутамі, усьлед за якімі толькі пачынаюцца параўнальна нязначныя выступы бакавых паўкружын; нарэшце, царква ў Лехне абстаўлена з трох бакоў чатырохкутнымі крытымі прытворамі (як у Смаленску — Яна-Багаслоўская і Сьвірская цэрквы), што надае ёй у пляне быццам крыжападобнуго форму, ня гледзячы на ясна выяўлены базылікальны характар асноўнае прасторы. Часткова набліжаецца плян Калажанскае царквы таксама і да храму ў Піцундзе, хоць у апошнім вытрыманы крыху іншыя пропорцыі, асабліва ў разьмеркаваньні слупоў і кумпалу. Але бліжэйшымі аналёгіямі застаюцца ўсё-ж солунская царква Апосталаў і царква ў Лехне, што сьведчыць аб пэўным уплыве з боку ўсходніх узораў, — праўда ня выключным, бо і аб гэтых апошніх ні ў якім разе нельга сказаць, каб яны зьяўляліся поўнымі першаўзорамі Калажанскае царквы.

Пераходзячы да дэталяй, трэба ў першую чаргу адзначыць орыгінальную конструкцыю альтарнае часткі. Бакавыя апсіды маюць падвойныя сьценкі, паміж якіх знаходзяцца праходы і драбіны, што вялі калісьці ў асобныя памяшканьні, зробленыя над альтарнымі скляпеньнямі. У паўночнай апсідзе такі праход пачынаецца каля самае асновы яе, з праходу паміж бакавою і асяродкаваю апсідамі, і цягнецца як па ўсёй паўкружыне, так і ў частцы паўночнае сьцяны да паловы другой лапаткі. Пачатак праходу ў паўднёвай

  1. Напр., Грязнов, стар. 4. Плян царквы ў Лехне, гл. Кондаков и Толстой; Русские древности в памятниках искусства, вып. IV, мал. 48.