Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/134

Гэта старонка не была вычытаная

АРХІТЭКТУРА XI–XII СТАЛЕЦЬЦЯЎ.

вялікія, рознае велічыні і колераў, гранітавыя каменьні, няправільнае формы, але гладка абчэсаныя і адшліфаваныя. Каменьні гэтыя разьмешчаны ў роўных шэрагах, і разам з кахлямі як-быццам падмяняюць да вядомай ступені тыя мармуровыя і алябастравыя аздобы, якія ўжываліся ў Бізантыі і на Ўсходзе, хоць яны і значна слабей за тыя як па складанасьці орнамэнтальных мотываў,так і ў сэнсе іх узгадненьня паміж сабою. Ня гледзячы на гэта, аднак, калажанскія аздобы ўсё-ж маюць вынятковы інтарэс, бо прысутнасьць іх у Калажанскай царкве зьяўляецца адзіным ня толькі ў Беларусі, але і наагул на славянскім грунце выпадкам, калі ў будове XII сталецьця захавалася кахляная орнамэнтыка фасадаў. Паасобныя кахлі знаходзілі і ў Кіеве, і на Сьмядыні ў Смаленску, — аднак, пры гэтым ня было ніякіх падстаў для таго, каб даведацца, дзе ласьне яны зьмяшчаліся і які характар мелі складзеныя з іх орнамэнтальныя композыці. Разьмяшчэньне кахляных аздоб па надворных фасадах Калажанскае царквы дае адказ на першае пытаньне; што-ж датычыць другога, — дык, зразумела, калажанская орнамэнтыка не вырашае яго ў поўным абхваце, і толькі ў адносінах да Калажанскае царквы сьведчыць аб поўнай яе незалежнасьці ад Кіева, разам з вядомым набліжэньнем да Смаленску, дзе мы сустракаем аналёгічныя калажанскім дэкорацыйныя мотывы, — праўда толькі ў нутраным фрэскавым росьпісу. Трэба, аднак, зазначыць, што і Калажанская царква была калісьці расьпісана фрэскамі, параўнаньне якіх да смаленскіх магло-б высьветліць крыху болей пытаньне аб іх орнамэнтальных узаемаадносінах; на жаль, аднак, апошнія рэшткі калажанскіх фрэсак былі канчаткова зьнішчаны ў часе рэмонтных прац у 70-х годах мінулага сталецьця[1].

Затое добра захавалася іншая, ня меней цікаўная і характэрная асаблівасьць нутранага ладу Калажанскае царквы, а ласьне — шматлічныя галасьнікі, закладзеныя ў тоўшчы першапачатковых муроў, пачынаючы з вышыні 1,5 мэтраў ад падлогі і канчаючы вокнамі, а таксама ў арцы пад драбінаю, што знаходзіцца ўсярэдзіне бакавое апсіды[2]. У разьмяшчэньні гэтых галасьнікоў наглядаецца вядомая правільнасьць: яны ўмацаваны строга паземна, з такім разрахункам, каб іх адтуліны дакладна супадалі з паверхняю сьцен; у частках з болей значнымі плоскімі паверхнямі яны расплянаваны ў шахматным парадку правільнымі паземнымі радамі з адлегласьцю ў 35 сант. паміж радоў і 31 сант. паміж адтулін асобных начыньняў[3]; у тых-жа мясцох, дзе плоскія паверхні малыя, як, напр., на лапатках, або там, дзе сьцены абмежаваны крывымі роўніцамі, як, напр., у альтарных апсідах, — правільнасьць гэтая зьнікае, і разьмяшчэньне галасьнікоў задавальняе ня столькі запатрабаванням сымэтрыі, колькі відавочнаму імкненьню запоўніць імі як-мага большую частку данае паверхні[4]. У апошніх адносінах Калажанская царква наагул ня ведае сабе роўнай, бо хоць галасьнікі і не зьяўля-

  1. Грязнов, ор. сіt., стар. 10.
  2. Ф. В. Покровский. Виленский Музей Древностей, XX.
  3. Грязнов, 7-8.
  4. Ф. В. Покровский. XX.