Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/14

Гэта старонка была вычытаная

пэрыоду гістарычнага разьвіцьця мастацкіх форм на тэрыторыі Беларусі, каб адшукаць тыя асноўныя сувязі, у комплексе якіх зьявіліся і выявіліся першапачатковыя тыповыя рысы беларускай мастацкай манеры. На другім месцы трэба зьмясьціць вывучэньне хоць-бы самых асноўных момантаў у гісторыі архітэктуры, як тэй галіны мастацтва, якая грае найболей істотную ролю ў процэсе сформаваньня стылю і ў той-жа час зьяўляецца найболей монумэнтальнай. І толькі ўжо пасьля гэтай асноўнай працы можна закрануць таксама і іншыя галіны мастацкае творчасьці Беларусі, дзе шмат якія дэталі магчыма належным чынам тлумачыць і разумець толькі ў сьвятле тых ці іншых пэўных, раней устаноўленых і цьвёрда пагрунтаваных першапачатковых вывадаў.

Зразумела, усё гэта вымагае сыстэматычных і доўгіх студый. Але ў сучасны момант, калі з заснаваньнем сваіх навукоых устаноў для беларускай культуры адкрыліся, нарэшце, шырокія магчымасьці ў галіне сталых навуковых досьледаў, — мы маем, бясспрэчна, усе падставы, каб спадзявацца, што працу гэтую, ня гледзячы на вялізарнасьць яе і цяжкасьць, можна будзе з цягам часу давесьці да пажаданых вынікаў.