Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/144

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМКОВАЕ БУДАЎНІЦТВА XIII–XVI СТ.

культавыя будынкі, г. зн. цэрквы і крыху пазьней касьцёлы, за гэты час павінны былі будавацца, — але хутчэй за ўсё яны былі выключна драўлянымі, і значыцца страчаны для нашага вывучэньня, разам з помнікамі цывільнае архітэктуры тагачасных местаў. Замест таго, у гэтую эпоху мы бачым шпаркае разьвіцьцё каменнае архітэктуры ў зусім іншым напрамку, г. зн. у якасьці архітэктуры ваеннай і замковай, абумоўленай чыста-практычнымі вымаганьнямі часу.

У стылістычных адносінах асабліва важным зьяўляецца тут грунтоўны адыход ад усіх ранейшых традыцый. З пачаткам замковае архітэктуры канчаецца пэрыод уплыву бізантыцкіх і ўсходніх архітэктурных форм на беларускае каменнае будаўніцтва, які замыкаецца, такім чынам, толькі ў параўнальна вузкія межы канца XI і XII сталецьця. У процэсе далейшага архітэктурнага разьвіцьця пэрыод гэты застаецца як-бы зусім адарваным, і бізантыцкія тыпы будынкаў ужо ніколі болей ня маюць істотнага значэньня нават у царкоўнай архітэктуры Беларусі, якая, вярнуўшыся з пачатку XVI сталецьця да монумэнтальных каменных композыцый, будуе іх ужо на падставе ўсяго таго новага, што было ўнесена ў беларускае будаўніцтва яе замковай архітэктурай эпохі сярэднявечча. Апошняя-ж ішла, зразумела, сваім уласным шляхам, ствараючы формы, цалком адменныя ад усіх ранейшых.

Узьнікненьне каменнай ваенна-замковай архітэктуры ў Беларусі можа быць аднесена не раней як да XIII сталецьця. Але да вядомай ступені яна мела грунт і ў фортыфікацыйнай тэхніцы папярэдніх часоў. Мы маем тут на ўвазе тыя прымітыўныя ўмацаваньні, з якіх складаліся старадаўнія “гарадзішчы”, абведзеныя, звычайна, валамі і ровамі, а часам, нават, парканам або збудаваным з каменьня мурам, у межах якога зьмяшчаліся драўляныя будынкі паселішча. Такая сыстэма ўмацаваньня, якая ўзьнікла, магчыма, яшчэ ў дагістарычную эпоху, трымалася на працягу вельмі доўгага часу, задавальняючы, пры ўсёй сваёй прымітыўнасьці, усе тагачасныя патрэбы належнае абароны. Магчыма, што яна-ж разьвілася пазьней і ў болей складаную конструкцыю драўлянага замку ў болей значных гандлёвых і політычных асяродках Х–ХІ сталецьця, пераважна на Усходняй Беларусі. У адносінах да пазьнейшай замковай архітэктуры Беларуска-Літоўскай дзяржавы сыстэма гэтая не магла быць адзіным выходным пунктам, — але яна мела, бясспрэчна, сваё значэньне ў той момант, калі надворныя абставіны змусілі зьвярнуць увагу на яе ўдасканаленьне, ня лепшае прыстасаваньне яе да тых вымаганьняў, якія ставілі задачы дзяржаўнае абароны ў барацьбе з болей моцным і спрактыкаваным у справах вайны супраціўнікам. Абставіны-ж гэтыя склаліся ласьне ў XIII сталецьці, калі існаваньню маладога Вялікага Княства Літоўскага пачала пагражаць