Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/145

Гэта старонка не была вычытаная

ПАХАДЖЭННЕ ПЕРШАПАЧАТКОВЫХ ТЫПАЎ.

сур’ёзная небясьпека з боку прускіх рыцарскіх ордэнаў.

Умовы тагачаснае вайсковае тэхнікі, дзе спэцыяльныя ваенныя будынкі зьяўляліся абавязковаю базаю для ўсялякіх ваенных опэрацый, змусілі Беларуска-Літоўскую дзяржаву адразу-ж прыняць усе тыя прыёмы, якія былі ўжыты яе супраціўнікам у процэсе наступу, з тым, каб належным чынам організаваць адпаведную абарону. Але першую ролю сярод гэтых прыёмаў грала моцнае замковае будаўніцтва. Прыклад "крыжакоў" якраз і зьявіўся тэю асноваю, з якой магла вырасьці запраўдная замковая архітэктура ў Беларусі; значную ролю, аднак, у відазьмене прынятых ад "крыжакоў" першаўзораў павінны былі адыграць і мясцовыя тыпы старадаўніх умацаваньняў, тым болей, што пэўнаму ўплыву з іх боку падлегла нават і самая крыжацкая архітэктура.

Процэс гэты, відаць, адбываўся наступным чынам. Як вядома, каля 1201 году, у мэтах заваёвы новых зямель на ўсходзе, прускае войска на чале з біскупам Альбэртам паклала пачатак места Рыгі, і разам з тым заснавала г. зв. Лівонскі ордэн рыцараў мечаносцаў (fraters militiae Christi), зацьверджаны папежам Іноцэнтам ІІІ у бульлях 1204 і 1210 году[1]. Злучыўшыся ў 1237 годзе з Тэўтонскім, ордэн гэты апанаваў досыць значнай тэрыторыяй па ўзьбярэжжы Бальтыцкага мора і ніжняй плыні Заходняе Дзьвіны, стварыўшы побач з маладой, яшчэ ня ўзмоцненай Беларуска-Літоўскай дзяржавай сваю ўласную духоўна-рыцарскую дзяржаву, магутную і варожую. Адсюль і пачаўся бесьперарыўны наступ крыжацкага войска на тэрыторыю Беларусі і Літвы, які цягнуўся аж да XV сталецьця. Паступова пасоўваючыся ўсё далей па плыні Заходняе Дзьвіны, крыжакі перш за ўсё клапаціліся аб лепшым замацаваньні шляхоў свайго наступу і аб стварэньні магутных баз для ўтрыманьня ў сваіх руках апанаваных тэрыторый, дзеля чаго, пачынаючы з Рыгі, яны збудавалі цэлы шэраг замкаў, некаторыя з якіх, як напрыклад замкі ў Волькенбургу, Дзьвінску, Рэжыцы і Люцыне, знаходзіліся ўжо ў так званых Інфлянтах, г. зн. на тэрыторыі, якая складае паўночна-заходнюю частку сучаснае Віцебшчыны[2].

У процэсе змаганьня і абароны якраз адсюль узоры крыжацкае фортыфікацыйнае архітэктуры лягчэй за ўсё маглі быць запазычаны Беларуска-Літоўскай дзяржавай, разам з чым наагул была завязана сьціслая сувязь Беларусі з немецкім сярэдневечным мастацтвам, пад уплывам якога беларуская архітэктура пайшла шляхам готыкі, захаванай тут аж да XVII сталецьця. Такім чынам, вайсковыя падзеі XIII сталецьця і зьвязаныя з імі крыжацкія будовы адыгралі досыць важную ролю ў разьвіцьці беларускае архітэктуры, заклаўшы грунт для далейшага

  1. F. Bunge. Der Orden der Schwertritter. Leipzig, 1875, Стар. 8.
  2. Гл. W. Neumann: Die Ordensburgen im sogenannten polnischen Livland. – “Mitteilungen aus d. livl. Geschichte”, XVI, Rigа, 1889. Яго-ж. Военное зодчество в Прибалтийском крае в средние века. — Труды IX Археологического съезда в Вильне", т. I. Л. Сапунов: "Памятники времен древних и новейших в Витебской губернии". Витебск, 1903.