Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/148

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМКОВАЕ БУДАЎНІЦТВА XIII–XVI СТ.

паўтарыліся ў цэлым шэрагу крыжацкіх замкаў, пачынаючы з Рыгі і Вэндэна, і кончаючы Дзвінскам, ужо па беларускай тэрыторыі. Далей апрацаваныя ў крыжацкай архітэктуры конструкцыйныя прыёмы і пляны перайшлі і ў беларуска-літоўскую замковую архітэктуру, падлягаючы тут далейшым відазьменам і модыфікацыям, і ўсё болей адхіляючыся ад першапачатковых сьцісла нямецкіх орыгіналаў. На гэтай аснове і разьвіліся пазьнейшыя характэрныя формы беларуска-літоўскага замковага стылю.

Ня меншую ролю тут адыгралі таксама і чыста тэхнічныя моманты. Ужо пачынаючы з Волькежборгу і іншых крыжацкіх будоў, уплыў некаторых мясцовых варункаў меў сваім вынікам характэрную відазьмену ня толькі конструкцый і плянаў, але і самых будаўнічых прыёмаў у параўнаньні да нямецкае тэхнікі. У той час як у прускіх замках у якасці матар’ялу ўжывалася амаль што выключна цэгла, — у крыжацкіх будовах ужываньне яе было значна абмежаваным, так што асноўным будаўнічым матар’ялам зьявіўся тут болей лёгкі для набыцьця вапняк і валуновае каменьне, г. зн. матар’ялы, вельмі пашыраныя ў данай мясцовасьці. Вынікам гэтага няўхільна было аднак, пэўнае агрубеньне архітэктурных форм, асабліва ў надворных частках будынкаў. Асноўныя муры будаваліся з груба апрацаваных вапняковых пліт, або нават з натуральнага неапрацаванага каменьня, да якога часам прымешваліся кавалкі бітае цэглы, і ўсё залівалася цэмантнай рашчынай[1]. Чыстая цэгла ўжывалася параўнальна рэдка, і амаль што ніколі ня была выключным будаўнічым матар’ялам. Толькі ў некаторых выпадках надворным мурам надаваўся выгляд цаглянае будовы, — але гэта дасягалася з дапамогаю абліцоўкі муроў, збудаваных тэй самай вышэйпамянёнай зьмешанай кладкай. Звычайна-ж цэгла ўжывалася выключна для апрацоўкі нутраных частак, г. зн. праёмаў у дзьверах і вокнах, скляпеньняў, падлогі і г. д., а самыя муры з нутранога боку або тынкаваліся і фарбаваліся, або завешваліся тканінамі ці абіваліся дрэвам.

Аналёгічныя будаўнічыя прыёмы мы сустракаем таксама і ў першапачатковых замках Беларуска-Літоўскай дзяржавы да XIV ст. ўключна, хаця часамі ў рагавых вежах і ў прылеглых да іх частках муроў трапляецца тут суцэльная цагляная кладка, як напрыклад у Крэве[2]. Толькі як выключэньне, замак у Троках мае болей складаную і дакладную конструкцыю, будучы збудаваны ў дольніх частках муроў з гранітных валуноў, пакладзеных

  1. Кладка гэтая па сваёй тэхніцы нагадвае тую кладку, якая ўжывалася пачынаючы з XIII ст. ў некаторых наўгародзкіх цэрквах, дзе яна вядома пад назваю "полубутовой" кладкі, або кладкі "в коробку". У царкоўнай архітэктуры Беларусі такая кладка, відаць, зусім ня ўжывалася, і сустракаецца выключна ў замковых будовах, а таксама наогул у ваенных умацаваньнях.
  2. "Древности", выд. Маскоўскага Архэолёгічнага Т-ва, т. VI, стар. LIV–LV.