Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/149

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМАК У НАВАГРАДКУ.

правільнымі шэрагамі, а ў горных частках выключна з цэглы буйнога памеру; таксама і вежы тут цалкам цагляныя на гранітных фундамэнтах[1]. Але і гэтую конструкцыю, пэўна, можна вывесьці з тых самых крыжацкіх будоў, дзе таксама як выключэньне, і параўнальна рэдка, але часам усё-ж рабіліся цалкам цагляныя замкі, па прыкладах лепшых замковых будынкаў Усходняе Прусіі. Апроч таго, у кожным выпадку зьмешаная тэхніка ўсё-ж пераважала, што павінна тлумачыцца як багацьцем адпаведнага натуральнага матар’ялу, г. зн. каменьня, на тэрыторыі Прыбальтыкі, Літвы і Беларусі, — так, магчыма, і тым, што самыя спосабы вырабу цэглы яшчэ не маглі дасягнуць у памянёных краінах у тыя часы такой дасканаласьці, якой яны дасягалі, напрыклад, у Прусіі. Таксама пэўны ўплыў маглі тут зрабіць і некаторыя конструкцыйныя прыёмы старадаўніх мясцовых будоў, дзе, як мы ўжо зазначалі, яшчэ ледзь не ў дагістарычных гарадзішчах паасобныя часткі ўмацаваньняў складаліся ласьне з натуральнага каменьня. Такім чынам, усе асноўныя асаблівасьці беларуска-літоўскае замковае архітэктуры ўзьніклі з злучэньня і пераапрацоўкі з аднага боку нямецкіх, з другога-ж — старадаўніх мясцовых элемэнтаў, прычым пачатак гэтага процэсу адбыўся яшчэ ў крыжацкіх замках на тэрыторыі Інфлянтаў.

Разгляд замковых будоў на тэрыторыі Заходняе Беларусі сьведчыць, аднак, што ў далейшым тут мела месца і самастойнае разьвіцьцё. Крыжацкія замкі зьявіліся толькі асноўнымі першаўзорамі ў той момант, калі Беларуска-Літоўская дзяржава была прымушана ў процэсе сваёй абароны зьвярнуць увагу на паляпшэньне і ўдасканаленьне сваіх ваенных умацаваньняў, і гэтым пасунуць сваю ўласную ваенную архітэктуру ў тым самым кірунку, як гэта рабіў супраціўнік. Будуючы-ж у далейшым цэлы шэраг замковых умацаваньняў на сваёй паўночна-заходняй мяжы, яна ўсё болей і болей ад гэтых першаўзораў адхілялася.

2.

Замкі ў Наваградку, Крэве і Лідзе.

Найболей старадаўнім з ліку беларуска-літоўскіх замкаў звычайна лічыцца замак у Наваградку, першапачатковая пабудова якога належыць да эпохі першых літоўскіх князёў, г. зн. да сярэдзіны XIII сталецьця, і зьвязваецца часам з імем Мендаўга, каранаваньне якога на Вялікае Княства Літоўскае адбылася як-

  1. В. Schmid. Die Burgruine Traken. – “Das Litauen-Buch", 1918, стар. 82.