Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/15

Гэта старонка была вычытаная

Разьдзел I

Курганныя старажытнасьці Беларусі.

1.

Агульны характар беларускай курганнай культуры. Надворныя сувязі Беларусі ў кургановую эпоху і крыніцы чужаземных уплываў. Хронолёгія беларускіх архэолёгічных помнікаў.

Спэцыяльны гістарычна-мастацкі разгляд архэолёгічнага матар’ялу, знойдзенага ў межах этнографічнае Беларусі, мае ў адносінах да агульнае гісторыі беларускага мастацтва значэньне хутчэй дапаможнай, ніж асноўнай дасьледчай задачы. Не зьяўляючыся, зразумела, помнікамі беларускімі ў этнографічным сэнсе, а ў лепшым выпадку толькі помнікамі старадаўніх славянскіх продкаў пазьнейшага беларускага народу, і нават, далёка не заўсёды будучы продуктамі мясцовае вытворчасьці, курганныя старажытнасьці Беларусі, абмежаваныя да таго-ж у вузкай галіне дэкорацыйнага ювэлірнага мастацтва, ня маюць беспасрэднага дачыненьня да тых асноўных этапаў, якімі ўжо ў пазнейшыя часы ішло пасьлядоўнае разьвіцьцё мастацкіх форм Беларусі ў пэрыод яе гістарычнага існаваньня. На нашую думку, аднак, гэтыя старажытнасьці нельга ўсё-ж абмінуць бяз увагі ў справе гістарычна-мастацкага вывучэньня Беларусі. Ранейшая культурная гісторыя кожнае краіны заўсёды, бясспрэчна, кладзе свой пэўны адбітак і на далейшае культурнае яе разьвіцьцё, нават і ў тых выпадках, калі на працягу сталецьцяў неаднаразовыя зьмены, зьмяшэньні і чаргаваньні розных тыпаў культур зьяўляюцца вынікам адпаведных зьмен таксама і этнографічнага складу першапачатковага насельніцтва. Пры гэтых зьменах мае месца, часткова, і пэўнае злучэньне розных культурных элемэнтаў у тыя ці іншыя суполныя формы, і ў кожным выпадку ідзе паступовае аформленьне пэўных крыніц уплыву і ўтварэньне сталых надворных сувязяй, якія не пазбаўляюцца свайго значэньня і ў тыя часы, калі неаднастайная раней у сваім насельніцтве тэрыторыя адасабняецца нарэшце ў самастойную і суцэльную па сваім этнографічным складзе адзінку.