Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/152

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМКОВАЕ БУДАЎНІЦТВА XIII–XVI СТ.

меў выгляд простакутніку, і меў дзьве брамы з захаду і з поўдню, якія, напэўна, калісьці былі ўмацаваны спэцыяльнымі вежамі. Пасярод нутранога дзядзінцу зьмяшчаўся раней невялічкі ставок, а таксама знаходзіліся драўляныя замковыя будынкі. Муры і вежа, як звычайна, складзены тут з каменьня, але знадворку маюць цагляную абліцоўку, што стварае ўражаньне цалкам цаглянай будовы; у рагавых частках, аднак, можна бачыць і суцэльную цагляную кладку. Самыя муры замку захаваліся параўнальна дрэнна; але ад старажовае вежы яшчэ захаваны цалком дзьве масыўныя сьцяны, што дазваляе мець досыць поўнае ўяўленьне адносна яе першапачатковае конструкцыі.

Як мы ўжо казалі, вежа гэтая, апроч свае асноўнае ролі, хутчэй за ўсё зьяўлялася таксама і жылым памяшканьнем, так што ва ўсёй будове яна была аднэй з найболей важных, галоўных частак. Аналёгічна старажовай вежы Наваградзкага замку яна мела чатырохкутны плян і складалася з чатырох надзвычайна тоўстых і масыўных каменных муроў з цаглянай абліцоўкай. Кожны мур меў па тры шэрагі вокан, па два ў кожным шэрагу. Самых паверхаў, аднак, хутчэй за ўсё было ня тры, а чатыры, бо першы шэраг вакон пачынаецца занадта высака, і мабыць належаў ужо другому паверху, у той час як першы паверх быў зусім пазбаўлены вакон, а можа і ўваходаў, і мог граць ролю нейкага запаснага памяшканьня. Мур, дзе знаходзіўся ўваход, да нашага часу не захаваўся, — але магчыма, што ён быў зроблены толькі ў другім паверсе, так што з зямлі да яго падымаліся па пераносных драбінах, і ўжо адсюль па нутраных усходах можна было пераходзіць з паверху ў паверх. Захаваныя ў адным з муроў паглыбленьні якраз маглі быць месцамі для зьмяшчэньня гэтых усходаў. Таксама можна дапусціць ранейшае існаваньне яшчэ аднаго паверху або баявой пляцоўкі, паколькі адно з такіх паглыбленьняў пачынаецца з трэцяга паверху і абрываецца зруйнаваным верхнім краем муру.

Вокны самага дольняга шэрагу маюць няправільную форму ў выглядзе прадоўжных эліпсаў з завостранымі канцамі; занадта вузкія, яны павінны былі прапушчаць вельмі мала сьвятла ў памяшканьне другога паверху, што можа быць довадам службовага яго характару. У трэцім-жа і чацьвертым паверхах вокны, наадварот, вялікія і шырокія, апроч аднаго толькі ў чацьвертым паверсе, якое мае форму досыць вузкай шчыліны з закругленым верхам; усе яны маюць ледзь прыкметна пераламаныя ўсярэдзіне перамычкі. Апроч таго, у тым самым месцы, дзе знаходзяцца паглыбленьні для ўсходаў, ёсьць і яшчэ адно невялічкае вакно, зусім няправільнай формы, зьмешчанае на мяжы