Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/153

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМАК У ЛІДЗЕ.

чацьвёртага і трэцяга паверхаў; магчыма, што яно прызначалася для асьвятленьня аднэй з пляцовак на нутраных усходах. З нутранога боку муроў у некаторых мясцох відаць шэрагі круглых паглыбленьнў, якія служылі калісьці, напэўна, для ўмацаваньня драўляных трамаў, што разьдзялялі паміж сабою паверхі. У сувязі з гэтым магчыма, што ўся нутраная апрацоўка вежы была драўлянай, прычым ня відаць ніякіх рэштак стылістычна характэраых цагляных скляпеньняў. Зьлёгка пераламаныя перамычкі ў ваконных пралётах ужо паказваюць, аднак, на пэўную залежнасьць Крэўскага замку ад раньніх готычных конструкцый.

Больш-менш аналёгічны характар меў, мабыць, і замак у Лідзе, ад якога, аднак, у процілегласьць Крэўскаму, лепей за ўсё захаваліся муры, у той час як вежы амаль што канчаткова зьнішчыліся. Замак гэты, згодна паведамленьню Стрыйкоўскага, быў заснаваны ў 1323 г. на месцы аднаго з старадаўніх літоўскіх паселішчаў, і захаваныя рэшткі не супярэчаць магчымасьці адносіць яго да пачатку XIV сталецьця. Вядомыя нам разбурэньні гэтага замку, — а ласьне ў 1384 г. ў часе нападу крыжакоў, далей у 1655 і 1659 г. падчас вайны з Масквою, і нарэшце ў пачатку XVIII сталецьця, у цягу швэдзкае вайны, — руйнавалі, відаць, пераважна яго нутраныя драўляныя часткі, асноўны-ж каменны масыў яго захоўваўся больш-менш цалкам аж да 1794 году, і толькі пачынаючы з гэтага часу пачаў паступова нішчыцца, прычым, аднак, параўнальна нядаўна, г. зн. некалькі дзесяткаў год таму назад, муры яго былі яшчэ значна вышэй, ніж цяпер, і мелі рэшткі квадратовых у аснове веж на паўднёва-ўсходнім і паўднёва-заходнім рагох. У цяперашні час вежы замку ўжо зруйнаваліся канчаткова, і нават уся паўднёва-заходняя частка яго зусім абвалілася, адчыніўшы ў мурох вялізарны пралом.

Захаваныя муры Лідзкага замку разьмешчаны ў форме чатырохкутніку на невялікім узгорку, абкружаным балотамі. Галоўны фасадны мур знаходзіцца з усходу. Каля паўночна-ўсходняга рогу ён мае браму, якая калісьці была ўмацавана вежаю. Усе муры складзены цалком з каменьня, але з надворнага боку, аналёгічна Крэўскаму замку, каменная кладка абліцавана чырвонай цэглай, у некаторых-жа частках яшчэ і затынкавана, як напрыклад па горніх ускрайках муроў, а таксама і каля брамы. На фоне гэтага тынкавання ўсходні фасадны мур мае дэкорацыйны фрыз у выглядзе шэрагу невялічкіх паўцыркульных арак з чырвонае цэглы. Іншыя муры зусім ня маюць аздоб, але ў некаторых мясцох у іх захаваліся сьляды спэцыяльных абаронных прылад. У горняй частцы паўднёвага муру, напрыклад, відаць рэшткі паўкруглых бойніц рознастайных памераў, а крыху ніжэй іх нейкія паглыбленьні з сьлядамі дубовых трам, якія служылі, напэўна, для падтрыманьня нутраных драўляных частак. З ліку гэтых драўляных будоў,