Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/16

Гэта старонка была вычытаная

КУРГАННЫЯ СТАРАЖЫТНАСЬЦІ БЕЛАРУСІ


Гэтыя меркаваньні маюць асабліва істотнае значэньне ў адносінах да тэрыторыі Беларусі. Яе дагістарычнае мінулае, далёка, праўда, яшчэ ня выяўленае ва ўсіх дэталях свайго складанага аблічча, ня гледзячы на досыць грунтоўныя архэолёгічныя досьледы, болей, быць можа, як дзе-небудзь у іншай краіне, складаееца з многалікіх напластаваньняў самых розных культурных элемэнтаў, пакінутых тут рознастайнымі групамі неаднальковага ў сваім этнографічным складзе першабытнага насельніцтва. Але ў гэтым конглёмэраце розных культур наглядаецца вядомая суцэльнасьць, што выдзяляе большую частку этнографічнае Беларусі (за выключэньнем паўднёвых яе раёнаў) у самастойную архэолёгічную групу, характарыстыка якой грунтуецца як на адзінстве асноўных форм пахавальнага рытуалу, так і на падабенстве асноўных тыпаў курганных знаходак[1]. На думку некаторых дасьледчыкаў, група гэтая можа лічыцца крывіцкай па асноўным складзе насельніцтва адпаведнае тэрыторыі, да якой павінны яшчэ быць далучаны наўгародзкая і растоўская краіны, заселеныя крывіцкімі колёнізатарамі[2]. У такім выпадку, прадметы гэтае групы і ў сэнсе этнографічным маюць вядомую сувязь з пазьнейшым беларускім народам, у складзе якога крывічы зьявіліся вельмі значнымі элементам. Але гэта, зразумела, можа лічыцца і спрэчным, дый ня мае для нашае мэты, здаецца нам, асабліва важнага значэньня.

Адносна этнографічнага складу старадаўняга насельніцтва Беларусі ў сучаснай навуцы, як вядома, яшчэ няма канчальна ўсталяваных паглядаў. Вынікі архэолёгічных і мовазнаўчых досьледаў разышліся паміж сабой у дэталях, і толькі новыя матар’ялы, пакуль што яшчэ ня знойдзеныя, маглі-б зьявіцца належнаю падставаю для канчатковага і бясспрэчнага вырашэньня гэтае проблемы. Найболей пашыранай зьяўляецца думка аб першапачатковых літоўскіх элемэнтах у насельніцтве беларускае краіны і аб пазьнейшым прыходзе славянскіх плямён з паўночнага захаду; такога погляду трымаецца, напрыклад, акадэмік Карскі[3], у чым ён зыходзіцца з проф. Сьпіцыным, які вызначае, нават, між VI і VIII сталецьцямі асобны "літоўскі пэрыод" у беларускай архэолёгіі, у цягу якога, аднак, сустракаюцца ўжо і славянскія (крывіцкія) курганы, у сувязі з чым прыход славян у Беларусь дакладна ня можа быць датаваны[4]. Прыход гэты некаторыя аўтары адносілі да V-VI сталецьця нашае эры;

  1. А. Спицын. Расселение древне-русских племен по археологическим данным "Журнал Министерства Народного Просвещения", 1899, №8, стар. 311-321.
  2. Ibidem, стар. 317-318
  3. Е. Ф. Карский. Белорусы, т. I, стар. 63 і 75.
  4. Працы першага зьезду дасьледчыкаў беларускае архэолёгіі і архэографіі. Выд. Інстытуту Беларускае Культуры. Менск, 1926. Стар. 27-29.