ЗАМАК У ТРОКАХ.
было дасягнута досыць значнае ўдасканаленьне, і значна лепей былі скарыстаны тыя асаблівасьці кладкі, якія зьявіліся, як мы ўжо зазначалі, у беларуска-літоўскіх замках пад уплывам некаторых мясцовых умоў. Шмат у чым бяссыстэмнае награмаджэньне зьмешанага з цаглянымі абломкамі каменьня, характэрнае для замковых будоў Наваградку, Ліды і Крэва, замянілася у Троках правільнай кладкай з гранітных валуноў, разьмешчаных стройнымі, роўнамернымі шэрагамі аж да горняга гзымсу ніжэйшага паверху. Далей муры будынкаў складзены выключна з цэглы буйнога памеру, што зьяўляецца новым нават у параўнаньні да крыжацкіх замкаў Прыбальтыкі, і хутчэй набліжаецца да найлепшых замковых умацаваньняў Усходняе Прусіі. Таксама значна палепшана тут і чыста тэхнічная якасць цэглы і цэмэнту, разам з спосабам самае кладкі, які дасягае высокае дасканаласьці па тых самых нямецкіх узорах[1].
Усе гэтыя тэхнічныя моманты сьцісла зьвязаны, аднак, і з агульнай архітэктурнай конструкцыяй замку ў Троках, выяўленай у ясных і добра распрацаваных стылістычных формах. Мы ўжо адзначалі ўжытую тут сыстэму перакрыцьця з дапамогай зорчатых скляпеньняў, якая сьведчыць аб значнай спрактыкаванасьці будаўнікоў у справе ўжываньня готыцкіх прыёмаў будовы. Зьяўленьне такой сыстэмы ў Троках мела зыачэньне ня толькі для гэтай аднэй будовы, але і шмат болей шырокае. Можна лічыць, што з часу пабудовы Троцкага замку готыцкі стыль ужо канчаткова ўсталяваўся на пэўны час на тэрыторыі Беларусі, уводзячы яе архітэктурнае разьвіцьцё ў агульную гісторыю заходня-эўропейскага сярэднявечнага будаўніцтва. Трэба, аднак, заўважыць, што ўжо з самага пачатку гэтае разьвіцьцё готыцкае архітэктуры ў Беларусі вызначалася некаторымі ўласнымі, орыгінальнымі рысамі, якія пазьней як у цывільным, так і ў царкоўным будаўніцтве зьявіліся асновай для апрацоўкі значна адменных ад заходніх першаўзораў архітэктурных тыпаў беларускае готыкі. Некаторыя з гэтых рыс можна ўжо заўважыць і ў Троках — напрыклад, досыць характэрную тэндэнцыю да ўзнікненьня готыцкае стрэльчатае аркі і да замены яе на паўцыркульную, болей архаічную форму нават у тых выпадках, калі ў агульнай конструкцыі ўжыта высока разьвітая позьняготычная сыстэма — у даным выпадку, напрыклад, зорчатыя скляпеньні. Тэндэнцыя гэтая магла захавацца ад ранейшага часу, калі ў замках яшчэ ужываліся некаторыя романскія дэталі. Але сталасьць яе трэба разглядаць як досыць тыповае зьявішча ў беларускай архітэктуры, пачынаючы ад канца XIV сталецьця, якім датуецца Троцкі замак, і аж да самых апошніх помнікаў беларускае готыкі, якія належаць ужо да сярэдзіны
- ↑ Пар., Schmid, ор. сіt., стар. 82.