Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/165

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМАК У ГОРАДНІ.

што ў асноўным мы маем падставы лічыць іх больш-менш здавальняючымі, і без асаблівае небяспекі грунтоўных памылак можам рысункамі гэтымі карыстацца для некаторых агульных назіраньняў і вывадаў, адкідаючы пытаньне аб цэлым шэрагу дробязяй, якіх ад нашых старадаўніх плянаў нельга, зразумела, і вымагаць.

У гэтых адносінах рысунак Горадзенскага замку на пляне Адэльгаўзэра і Цюндта можа даць нам наступныя цікавыя даныя. Папершае, ён досыць ясна сьведчыць аб зьяўленьні новага прынцыпу ў замковых будовах Беларусі, выяўленага ў поўным аддзяленьні з аднаго боку чыста замковай, — з другога палацавай часткі. Мы памятаем, што, напрыклад, у Крэве адзін і той самы будынак граў ролю ваеннага ўмацаваньня і адначасна жылога памяшканьня; у Троках гэтыя ролі былі пераданы розным будынкам, але гэтыя апошнія яшчэ заставаліся між сабой у самай сьціслай конструкцыйнай сувязі; нарэшце, у Горадні мы бачым трэці этап таго самага процэсу: замак зусім аддзяліўся ад палацу, прычым апошні заняў самастойнае становішча, блізка ад замку, але па-за межамі яго тэрыторыі. У далейшым нам давядзецца ўбачыць, што асабліва выразнае сваё разьвіцьцё такі прыём атрымаў у замковых будынках наступнага XVI сталецьця, што і дае нам падставы ставіць замак у Горадні на сярэдняе месца паміж такімі будовамі, як замак у Троках з аднаго боку і Віленскі Дольні замак, напрыклад, з другога.

Другі дадатны бок скарыстанага намі рысунку — гэта тое, што агульны від замку, — няхай сабе схэматычны, — ён ўсё-ж падае ў суцэльным і скончаным відзе, чаго нам бракавала пры разглядзе ўсіх ранейшых замковых будоў, хоць і захаваных да нашага часу, але толькі фрагмэнтарна. Асабліва істотнае значэньне гэта мае ў адносінах да надворнага перакрыцьця паасобных частак, якія абсолютна не захаваліся ва ўсіх пазасталых ад беларуска-літоўскіх замкаў рэштках, і аб якіх ласьне толькі з гэтага рысунку мы ў першы раз і можам атрымаць хаця-б прыблізнае ўяўленьне. Згодна даных рысунку, самыя муры Горадзенскага замку мелі двохспадныя, мабыць драўляныя, перакрыцьці, краі якіх крыху навісалі над бойніцамі. Пад гэтым перакрыцьцём уздоўж муроў праходзіў, напэўна, абаронны ход, з якога раскрываліся бойніцы і які злучаў між сабой паасобныя вежы. Чатырохкантовая вежа над галоўнаю брамаю была крыху пашырана ў горняй сваёй частцы, утвараючы баявую пляцоўку з зубчатай агародай, у той час як вышэй уздымаўся двохспадны дах з досыць высокімі трыкутнымі фронтонамі. Аналёгічныя пляцоўкі былі таксама і на высокіх круглых вежах, але, адпаведна агульнай форме, дахі мелі там выгляд высокіх конусаў. Зразумела, няма ніякае магчымасьці даведацца, ці гэтыя формы перакрыцьця ўзьніклі толькі ў XV сталецьці, — ці можа яны ўжываліся яшчэ і раней у