Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/167

Гэта старонка не была вычытаная

ГОРНІ ЗАМАК У ВІЛЬНІ.

нічога дакладнага болей, ужо невядома ані аб яго разбурэньнях, ані аб рэпарацыях. Весткі аб пазьнейшых пажарах маюць пераважнае дачыненьне да тэрыторыі Дольняга замку, які руйнаваўся яшчэ ў 1513, 1530, 1538 і 1542 г., пасьля чаго быў адбудаваны нанова, ужо ў часы Жыгімонта Аўгуста. У такім перабудаваным выглядзе Дольні замак і трапіў на плян Брауна і Гогэнбэрга, у той час як Горні замак, закрануты, здаедца, пажарамі 1538 і 1542 г., пасьля іх болей ужо не аднаўляўся[1], і ў такім напалову разбураным відзе і быў зьмешчаны па пляне. Такім чынам, ёсьць усе падставы лічыць, што той выгляд Горняга замку, які дае нам рысунак пляну, усходзіць ласьне да XV сталецьця, чым і тлумачыцца значная набліжанасьць яго конструкцыі да старога замку ў Горадні.

Паводле гэтага рысунку, Горні Віленскі замак меў дзьве высокія вежы, у часе складаньня пляну, г. зн. у палове XVI ст, яшчэ досыць добра захаваныя, з зубчатымі заканчэньнямі муроў і конусападобнымі дахамі. Форма іх паказана круглай і вышыня трох’яруснай, што, аднак, як мы ўбачым далей, мабыць, перадана недакладна. На вышыні першага ярусу вежы гэтыя былі злучаны мурам з зубцамі і бойніцамі, які зьяўляўся, напэўна, у той час толькі рэшткай ранейшага муру, абведзенага навакол усяго замку. Тут-жа відаць рэшткі нейкага будынку, — хутчэй за ўсё касьцёлу Марціна, які быў зруйнаваны яшчэ з канца XV сталецьця[2]. Агульны характар веж і формы іх перакрыцьця ў асноўных рысах тут супадаюць з тым, што нам вядома адносна аналёгічных частак замку ў Горадні; пры гэтым увесь характар Горняга замку выразна выяўляе сваю архаічнасьць у параўнаньні да зьмешчанага на тым самым пляне болей позьняга Дольняга замку. Трэба, аднак, зазначыць, што рысунак па пляне Брауна, асабліва ў гэтай частцы, вельмі мала дэталізаваны, і можа быць намі прыняты толькі як самая агульная схэма. Некаторыя іншыя старадаўнія крыніцы, якія таксама захавалі для нас выгляд Горняга замку, хоць і значна пазьнейшага ўжо часу, — падаюць нам рысункі яго ў яшчэ болей разбураным відзе, але затое болей чытэльныя і падрабязныя, якія досыць грунтоўна знаёмяць нас з тым становішчам, у якім знаходзіўся Горні замак у блізкім часе перад канчатковым гвалтоўным яго зруйнаваньнем, якое адбылося ў канцы XVIII і пачатку XIX сталецьця. Выкарыстаньне гэтых крыніц у дадатак да пляну Брауна зьяўляецца, з нашага пагляду, абсолютна абавязковым у мэтах найлепшага ўяўленьня некаторых дэталяй і асаблівасьцяй

  1. Kraszewski: Wilno, III, 307—311.
  2. Stryjkowski: Kronika, II, 80.