Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/17

Гэта старонка была вычытаная

АГУЛЬНЫ ХАРАКТАР.


Самаквасаў адсоўвае яго да II сталецьця[1]. З другога боку, іншыя дасьледчыкі, як, напр. Шафарык, лічаць магчымым прыпусціць, што славянскія плямёны жылі тут і ў болей раньнюю эпоху, а Нідэрле яшчэ болей упэўнена кажа, што яшчэ ў II тысячалецьці да пачатку нашае эры славяны займалі тэрыторыю паміж Віслаю і Дняпром[2]. Такія істотна розныя прыпушчэньні патрабуюць, зразумела, уважлівага перагляду і вымагаюць пагрунтаваньня канчатковага вываду на пэўных бясспрэчных архэолёгічных фактах, якіх пакуль што мы яшчэ ня маем.

У адносінах да архэолёгічных знаходак на беларускай тэрыторыі застаецца, аднак, ужо і ў цяперашні час бясспрэчнай як прыналежнасьць іх да розных этнографічных груп насельніцтва, так і вядомая аднальковасьць, супольнасьць іх у гэтых розных групах. На думку Нідэрле, да IV-V сталецьця нельга нават адрозьніць наагул, што ўласна належыць сярод гэтых знаходак славянам, а што іншым этнографічным групам[3]. У пазьнейшыя часы літоўска-латыскія старажытнасьці часта зьліваюцца з славянскімі[4], інвэнтар смаленскіх, полацкіх і віленскіх крывіцкіх курганоў выяўляе блізкае падабенства да інвэнтару курганоў літоўскіх і да знаходак Люцынскага магільніку[5]. На падставе гэтага Сьпіцын лічыць, што да пачатку X сталецьця славяны ў Беларусі (крывічы) карысталіся прадметамі тэй-жа самай культуры, якая была ўласьціва латыскай галіне Літвы (тыпы Люцынскіх знаходак), і мела дапушчальную сувязь з уласна літоўскаю культураю VIII-IX ст.[6]. Апроч таго, тут ужываліся яшчэ і рэчы рымскага пахаджэньня[7], а з другой паловы X сталецьця, асабліва сярод смаленскіх крывічоў (Гнёздава), прывозныя прадметы скандынаўскага і ўсходняга характару. На думку Сьпіцына, самастойнае мастацкае творчасьці ў гэты час тут яшчэ ня было[8].

Усе гэтыя факты для пастаўленае намі мэты зьяўляюцца асабліва важнымі. Этнографічная розьніца, як бачым, ня грае да пэўнага моманту значнае ролі ў адносінах да характару інвэнтару ў большасці беларускіх курганоў, з ліку якіх толькі болей позьнія дрыгвіцкія пахаваньні паўднёвае часткі Беларусі маюць бліжэйшае дачыненне да валынскіх старажытнасьцяй, ады-

  1. Д. Я. Самоквасов. История русского права, 2, стар. 145
  2. Dr. Lubor Niederle. Slovanske starozitnosti. Oddill I, svazek IV. Praze. Nakladem Bursika a Kohouta. 1925. Стар. 216
  3. Ibidem, стар. 243.
  4. Ibidem, стар. 268-269.
  5. А. Спицын. Расселение древне-русских племён, стар. 312-313.
  6. Ibidem, стар. 318
  7. Працы першага зьезду дасьледчыкаў беларускае архэолёгіі і архэографіі, стар. 27 (даклад А. Сьпіцына).
  8. А. Спицын. Расселение древне-русских племён, стар. 314-315 і 318.