ЗАМКОВАЕ БУДАЎНІЦТВА XIII–XVI СТ.
чынам, у напрамку яшчэ большае дыфэрэнцыяцыі, але ўжо з перавагаю не ваенных, а ласьне цывільных, раней мала значных частак. З надыходам адносна болей мірных часоў, а таксама ў сувязі з пашырэньнем мест навокал свайго замковага асяродку, у некаторых найболей значных дзяржаўных замках чыста ваенныя ўмацаваньні ужо адыйшлі неяк на задні плян, і за іх кошт у межах замковае тэрыторыі вальней і шырэй развярнуліся палацавыя пабудовы, а таксама розныя болей дробныя будынкі дапаможнага характару.
Процэс гэты лепей за ўсё мы наглядаем у Вільні. Калі Горні замак яшчэ быў зроблены ў XV сталецьці як ваенная цытадэль, — дык у сярэдзіне XVI сталецьця аднаўленьне Дольняга замку, пасьля зруйнаваньня яго пажарамі, адбылося ўжо на зусім іншых прынцыпах. Новая пабудова шмат у чым была пазбаўлена спэцыфічнага цытадэльнага характару; яна займала значна большую ніж раней тэрыторыю, складалася з цэлага шэрагу рознастайных будынкаў, разьдзеленых нутранымі панадворкамі, і толькі часткова была ўмацавана мурамі, якія па сваёй істоце амаль што зусім ужо ня мелі сур’ёзнага абарончага значэньня, таксама як і дзьве злучаныя з гэтымі мурамі і зусім невялікія ў адносінах да агульных памераў замку вежы. Болей таго: нават увесь галоўны фасадны бок замку складаўся з некалькіх зусім неўмацаваных будынкаў, свабодна зьвернутых сваімі нічым не абароненымі фасадамі да надворку. Магчымасьць такога істотна новага расплянаваньня Віленскага Дольняга замку палягала часткова ў тым, што яшчэ ў першай чвэрці XVI сталецьця ўся Вільня была абведзена асобнымі абароннымі мурамі, якія ўмацоўвалі ўсё места цалком, і, значыцца, самы замак, які знаходзіўся ўсярэдзіне места, ня меў ужо асаблівае патрэбы ў моцным самастойным умацаваньні[1]. Але самы факт такой перадачы чыста ваенных функцый, якія раней належалі выключна замкам, да іншых спэцыяльных будынкаў, і гэтым самым частковае звальненьне замку ад выкананьня абарончае ролі зьяўляецца вельмі паказальным крокам у разьвіцьці беларускае замковае архітэктуры ў буйных асяродках пры новых варунках. У палове XVI сталецьця гэтым ужо вызначаўся вядомы пераход ад чыста замковага будаўніцтва да будаўніцтва палацавага, якое хаця і не атрымала яшчэ ў гэтую эпоху свайго выяўленьня ў зусім чыстым відзе, але ўжо пачынала паступова ўводзіцца і аформлівацца. Разам з тым, да вядомае ступені гэта мела значэньне таксама і ў формальных адносінах, расчыняючы некаторыя новыя крыніцы надворных уплываў, і тым самым уносячы ў паасобныя пабудовы данай эпохі некаторыя новыя асаблівасьці што да іх архітэктурнага стылю.
Да гэтага часу адзіным архітэктурным стылем у Беларусі, — у кожным выпадку ў вядомых нам каменных замковых будовах, — зьяўлялася перапрацаваная і пераробленая на мясцовым грунце нямецкая готыка, пахаджэньне якой з крыжацкае замковае архітэктуры мы спрабавалі паказаць у папярэдніх разьдзелах.
- ↑ У такім ласьне сэнсе, напрыклад, у 1522 годзе складзена была пастанова Жыгімонга Старога, памянёная намі ніжэй пры апісаньні віленскіх цытадэльных муроў, адносна зьмяншэньня ліку ўзброенае варты ў Дольнім замку, з прычыны таго, што “jam Civitas ipsa muro cincta est” — Собрание древних грамот и актов городов Вильны, Ковна, Трок, православных монастырей, церквей и по разным предметам. Часть 1. Вильно. 1843. №19.