Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/173

Гэта старонка не была вычытаная

ДОЛЬНІ ЗАМАК У ВІЛЬНІ.

Роля нямецкага каменнага будаўніцтва, а ў некаторых выпадках можа, нават і нямецкіх майстроў, да самага канца XV сталецьця была надзвычайна важнай для разьвіцьця аналёгічнае архітэктуры на тэрыторыі Заходняе Беларусі. Некаторыя готычныя рысы яшчэ адчуваюцца, нават, і ў паасобных, найболей раньніх, відаць, будынках Віленскага Дольняга замку, якія належаць ужо да пачатку XVI сталецьця, а ў архітэктуры царкоўнай, як мы ўбачым далей, якраз XVI сталецьце і зьявілася, нават, эпохай найболей пышнага росквіту позьня-готычных конструкцый, — праўда ў вельмі орыгінальных адменьніках. Побач з гэтым, аднак, ужо з пачатку XVI сталецьця колішняя пераважная готыка ў Беларусі пачала паступова відазьмяняцца і ўскладняцца новымі элемэнтамі, пераходзячы да пазьнейшых этапаў заходня-эўропейскага архітэктурнага стылю.

У даным выпадку мы, зразумела, ня маем ані магчымасьці, ані патрэбы дакладна спыняцца на характарыстыцы ўсяе гэтае эпохі і яе значэньня ў гісторыі Беларусі. Досыць, аднак, прыгадаць, што ў гэты час ужо былі завязаны сталыя мірныя сувязі з цэлым шэрагам эўропейскіх краін, уплывы якіх пачалі адчувацца ня так аднабакова і вузка, як гэта было ў ранейшы час; распачаліся частыя культурныя зносіны з Захадам, якія адбіваліся на нутраных і надворных формах мясцовага жыцьця; у Беларусь прасочваліся і моцна ўплывалі на яе заходнія плыні гуманізму і адраджэньня; пачыналася эпоха высокага экономічнага ўздыму і разам з тым культурнага росквіту, наогул у Беларусі, з некаторым спазьненьнем у параўнаньні да Заходняе Эўропы, распачынаўся ў гэты час свой уласны, але шчыльна зьвязаны з захадам рэнэсанс. Ахапіўшы амаль што ўсе галіны культурнага жыцьця, рэнэсанс гэты, зразумела, ня мог абмінуць таксама і мастацтва, і ў першую чаргу ён выявіўся ласьне ў архітэктуры, выходзячы ў ёй з кораняў ранейшае готыкі. Пры гэтым, новыя сувязі Беларусі павінны былі сабой абумовіць і пэўныя формы яго выяўленьня, сярод якіх на першае месца трэба паставіць досыць выразныя і моцныя ўплывы італьянскае архітэктуры з яе характэрнымі рэнэсансавымі формамі. Зьяўленьне ласьне гэтых, а не якіх-колечы іншых, напр., нямецкіх па ранейшай традыцыі форм у некаторых помніках тагочаснага беларускага будаўніцтва магло быць, зразумела, адным з конкрэтных вынікаў тых беспасрэдных зносін Беларусі з Італіяй, якія выявіліся ў той час, напрыклад, у побыце Францішка Скарыны ў Падуі, ці ў шлюбе Жыгімонта Старога з Бонаю Сфорца, і якія рабілі магчымым нават