Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/176

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМКОВАЕ БУДАЎНІЦТВА XIII–XVI СТ.

іншых крыніц, а ёсьць толькі вынікам паступовае адбудовы замку і паступовых зьмен некаторых яго дэталяй.

Як мы ўжо зазначалі, толькі плян Брауна падае выгляд Дольняга замку цалком, і з гэтай прычыны толькі ён адзін і дае падставы для вызначэньня топографіі гэтае пабудовы і разьмяшчэньня яе паасобных частак. Іншыя крыніцы, дзе зьмешчаны выключна паасобныя будынкі, або нават толькі часткі будынкаў, даюць вельмі мала топографічных даных, і толькі ў сувязі з адным пытаньнем тут могуць узьнікнуць спрэчкі, дзеля чаго мы і ўважаем патрэбным паставіць гэтае пытаньне ў першую чаргу. Рэч у тым, што на пляне Брауна галоўны палацавы будынак замку паказаны з усходняга боку замковае тэрыторыі, зьвернуты сваім галоўным фасадам на захад і паралельна шэрагу тых будынкаў, якія складаюць заходнюю частку замку, і сярод якіх знаходзіцца таксама будынак Катадральнага касьцёлу. Такім чынам, ад гэтага апошняга ён разьмешчаны на значнай адлегласьці і аддзелены ад яго нутраным панадворкам. Тым часам, з малюнкаў Смуглевіча, з памянёнае намі вышэй старадаўняе літографіі, і нарэшце з некаторых докумэнтальных крыніц вядома, што нейкая частка палацу беспасрэдна прылягала да касьцёлу і адыходзіла ад яго на ўсход, г.зн. у кірунку да Замковае гары. На пляне-ж Брауна ў гэтым самым месцы паданы нібыта нейкі нявысокі мур ці крытая галярэя, якая адыходзіць пад простым вуглом ад будынку галоўнага палацу на захад і пераходзіць недалёка ад касьцёлу ў болей высокі, але нязначны па сваіх памерах будынак. Атрымліваецца досыдь істотнае разыходжаньне, якое можна тлумачыць розна. З аднаго боку, выказваліся думкі, што ў эпоху Жыгімонта-Аўгуста галоўны палацавы будынак запраўды займаў тое палажэньне, якое паказана на пляне Брауна, але ён быў зруйнаваны ў часе пажару 1610 году, і новы замковы будынак разьмешчаны быў ужо інакш, галоўным фасадам на поўдзень, злучыўшыся сваім бакавым фасадам з будынкам Катадральнага касьцёлу. З другога боку, рабіліся таксама і спробы лічыць плян Брауна памылковым на падставе гэтых пазьнейшых вестак. Так, напрыклад, Глебаў выказаў дапушчэньне, нібыта галоўны будынак палацу паказаны на пляне Брауна няверна, і што ўжо ў часе складаньня гэтага пляну ён павінен быў займаць ня ўсходняе, як гэта паказана на пляне, але ўскоснае, паўночна-ўсходняе палажэньне, і, значыцца, запраўды даходзіць да касьцёльнага будынку[1].

З свайго боку, мы ня лічым магчымым цалком далучыцца ані да воднага з гэтых паглядаў. Другі з іх трэба, на нашую думку, зусім адхіліць на наступных падставах. Усё расплянаваньне Дольняга замку паказана на пляне Брауна надзвычайна правільным, у выглядзе вялікага простакутніка. Калі палацавы будынак, як дапушчае Глебаў, займаў ускоснае палажэньне, дык

  1. И. Глебов: Виленские замки Верхний и Нижний. “Виленский Календарь” на 1904 год, стар. 316–317.