Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/185

Гэта старонка не была вычытаная

ДОЛЬНІ ЗАМАК У ВІЛЬНІ.

распачынаецца мур, які мы таксама ўжо паміналі, што замыкае з паўднёвага боку першы ад галоўнага ўваходу з Замковае вуліцы нутраны панадворак, абмежаваны з іншых бакоў домам падскарбія, невялічкім будынкам з усходу, каля якога паказана агарода з брамаю, што вяла ў замковы сад, і нарэшце другім нутраным мурам, пасярэдзіне якога яшчэ адна брама злучала першы панадворак з вялікім галоўным дзядзінцам замку. З усходняга боку гэтага дзядзінцу былі разьмешчаны галоўныя палацавыя будынкі, з якіх і складалася ўсходняе крыло.

Першы з іх, вялікі будынак вялікакняскага палацу пад № 2, аналёгічна браме заходняга крыла, у некаторых дэталях сваіх зусім выразна выяўляе рысы новага пераходнага стылю. Наколькі можна судзіць з рысунку Брауна, ён меў выгляд досыць вялікае пабудовы ў некалькі паверхаў, якая складалася з трох паасобных частак. Характэрныя гладкія муры з даўгімі горызонтальнымі гзымсамі мелі шэрагі разьмешчаных парамі вокан. Горнія краі муроў канчаліся вялікімі падвойінымі зубцамі, бліжэйшыя аналёгіі якіх можна знайсьці ў некаторых італьлянскіх будовах позьняга сярэднявечча[1], — але выразная перавага падкрэсьленых гзымсамі горызонтальных ліній сьведчыць аб новых стылістычных прынцыпах, пакладзеных у аснову гэтае будовы. Гэтым прынцыпам не супярэчыць і асаблівае падвышэньне асяродкавае часткі палацу, паколькі і тут у разьбіўцы фасаду ўсё-ж пануе горызонталь, адзначаная шэрагамі вокан і гзымсамі, і нарэшце шырокімі надворнымі ўсходамі. Зразумела, з рысунку Брауна мы ня маем усіх належных дэталяй і змушаны кіравацца толькі самай агульнай схэмай, — але і гэтая схэма выяўляе досыць ясна, насколькі агульныя формы будынку ўжо адышлі тут ад характэрных для папярэдняй эпохі готыцкіх конструкцый, і наколькі блізка яны ўжо падыходзілі да некаторых асноўных прынцыпаў архітэктуры рэнэсансу, якая ў болей чыстым відзе выявілася ў Беларусі крыху пазьней. Тут мы наглядаем толькі самы пачатак. Тут адбываецца толькі яшчэ пераход ад адных стылістычных форм да іншых, і з гэтай прычыны цалком натуральна, што тут наглядаецца яшчэ вядомая неўсталяванасьць і няўпэўненасьць стылю; але для пэўнага моманту ў разьвіцьці беларускае замковае архітэктуры зьявішча гэтае вельмі характэрна.

Цікавы матар’ял для яго характарыстыкі дае параўнаньне галоўнага палацу з некаторымі іншымі будынкамі ў тым самым крыле, якія можна аднесьці да аднаго і таго самага часу, але ў якіх яшчэ зусім ясны старыя формы і конструкцыйныя прыёмы. Папершае, з ліку іх можна паказаць на блізка прылеглую да замку камяніцу на квадратовай аснове з чыста готыцкім

  1. Пар. Essenwein: Handbuch der Architektur, II, 4, 2, стар. 183.