Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/186

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМКОВАЕ БУДАЎНІЦТВА XIII–XVI СТ.

яшчэ васьміспадным пакрыцьцём па высокіх завостраных фронтонах, ад якой у напрамку да Катадральнага касьцёлу адыходзіў нізкі будынак на кшталт галярэі, памянёны намі ў самым пачатку нашага апісаньня. Падругое — мае цікавасьць і малы палац каралевы пад № 3, мабыць пабудаваны ў самым пачатку панаваньня Жыгімонта Аўгуста, як спэцыяльнае памяшканьне для першай жонкі яго Элізабэты[1] які хоць ужо ня мае ніякіх готыцкіх рыс, але не выяўляе ў той самы час і наагул ніякіх асабліва характэрных у стылістычным сэнсе форм, а сваім двохспадным дахам хутчэй усё-ж зьвязваецца з старымі часамі, ніж з новай эпохай. Усё гэта мае досыць важнае значэньне; гэта сьведчыць, што новыя стылістычныя плыні вельмі павольна прасочваліся ў замковую архітэктуру Вільні, што нават яшчэ блізка да сярэдзіны XVI сталецьця тут адначасна ўжываліся і старыя і новыя будаўнічыя прыёмы і толькі часткова ўжо намячаліся шляхі да развіцьця архітэктурнага мастацтва ў новым кірунку. Можна думаць, аднак, што разьвіцьцё гэтае надышло пасьля таго ўжо досыць хутка; у кожным выпадку, малюнкі Смуглевіча захавалі для нас некаторыя часткі Дольняга замку перабудаванымі ўжо ў зусім выразных формах архітэктуры рэнэсансу, — а перабудоўка гэтая павінна была адбыдца, бясспрэчна, у цягу далейшага панаваньня таго ж самага Жыгімонта Аўгуста, бо датаваць яе пазьней, як другой паловай XVI сталецьця, нельга, а ў гэтыя часы вядома, што толькі Жыгімонт Аўгуст выяўляў асаблівую цікавасьць да Вільні, у той час як наступнікі яго на пасадзе Вялікага Княства Літоўскага пераважна аддавалі ўсе свае інтарэсы справам польскай кароны.

Наогул эпоха панаваньня Жыгімонта Аўгуста была эпохай найбольшага росквіту Дольняга замку, які зрабіўся ў той час сталай вялікакняскай рэзыдэнцыяй[2]. Вядома, што Жыгімонт Аўгуст меў нейкае асаблівае замілаваньне да Вільні, толькі яе лічыў сваім родным местам, найболей часта ў ёй ласьне праводзіў сваё жыцьцё і шмат спрыяў яе адбудове і архітэктурнай аздобе[3]. У першую чаргу ўвага яго была зьвернута якраз на аднаўленьне Дольняга замку, як пабудовы першараднага дзяржаўнага значэньня. Здаецца, вялікі князь не шкадаваў выдаткаў на гэтую справу, між іншым карыстаўся паслугамі прывозных майстроў, якіх запрашаў для гэтае мэты ў Вільню з іншых местаў свае дзяржавы. Так, напрыклад, у рахунковай кнізе скарбніка Юста Людвіка Дэцыуса ад 1552–1562 г. (“Ratio perseptarum pecunarium in varios usus Sacrae Mtis Regiae per me Justum Ludovicum Decium ab

  1. З Элізабэтай Жыгімонт Аўгуст ажаніўся ў 1543 г., а ў 1545 г. яна ўжо памерла. Значыцца, калі наагул правільна, што малы палац быў прызначаны ласьне для Элізабэты, дык ён мог быць збудаваны толькі ў цягу гэтых трох год кароткага першага шлюбу Жыгімонта Аўгуста.
  2. Пар. Kraszewski: Wilno, I, 309.
  3. „…іllam Vilnam, suam domum, caeteras urbes et aedificia, quaecunue ierat tanquam aliena haberet et apellaret. In qua etiam balnea, hortos, recessus, et nescio quae non alia magno sumptu et diligentia aedificare reliquit, et per omnes occasiones, quibus a Polonia abesse licebat, libentius quam alibi habitavit”. Warszewicki: Vitarum Paralellarum liber II, 332–333. Акты, издаваемые Виленскою Комиссиею, XX, стар. LХXII, ув. 3.