ЗАМКОВАЕ БУДАЎНІЦТВА XIII–XVI СТ.
быць і проста ня зусім тую самую, але крыху іншую яго частку, бліжэйшую да Замковай гары, дзе магла быць часткова адменная ў дэталях орнамэнтыка. Агульны характар гэтае орнамэнтыкі застаецца, аднак, і тут аналёгічным, і бязумоўна ён мае досыць значную цікавасьць; ён сьведчыць, што нават і ў будынку чыстага рэнэсансавага тыпу архітэктура Дольняга замку ўсё-ж павольна адрывалася ад ранейшых традыцый, захоўваючы як дэкорацыйную схэму некаторыя раней конструкцыйныя формы, што зьвязвала між сабой дзьве паасобныя архітэктурныя эпохі і палягчала, магчыма, бесьперашкодны пераход да новых стылістычных концэпцый. Праўда, трэба зазначыць, што зьявішча гэтае не зьяўлялася абавязковым, і што ў некаторых іншых частках галоўнага палацу Дольняга замку, аб якіх мы ведаем з малюнкаў Смуглевіча, яно ўжо не наглядаецца.
На гэтых малюнках паказана, мабыць, з розных бакоў старэйшае ўсходняе крыло палацавага будынку; але ў часы Жыгімонта Аўгуста яно было, пэўна, досыць значна перабудавана, бо зарысоўкі Смуглевіча ў шмат якіх адносінах моцна разыходзяцца з рысункамі на пляне Брауна, і мусібыць перабудова гэтая адбылася нават пазьней за пабудову дадатковага корпусу, паколькі дэкорацыйныя дэталі выяўляюць тут крыху пазьнейшы і ўжо меней зьвязаны з папярэднімі формамі характар. Асабліва гэта датычыць горніх частак муроў; у Брауна ў гэтым месцы мы бачым падвойныя зубцы, хоць італьлянскага, як мы зазначалі, але яшчэ позьня-сярэднявечнага тыпу, у той час як на малюнках Смуглевіча муры закончаны роўнымі горызонтальнымі лініямі, што ўжо цалкам тыпова для архітэктуры рэнэсансу. Апрацоўка дэкорацыйных фрызаў прылеглае да Катэдры часткі займае ў гэтых адносінах нібы сярэдняе месца, паколькі пры агульнай перавазе горызонталі верхнія часткі стрэльчатых арачак усё-ж парушалі крыху лінейную суцэльнасьць самага горняга краю муроў, — тады як у іншых частках гэтыя апошнія сьляды сярэднявечнае раздробнеласьці былі ўжо зьнішчаны і верхняя горызонталь запанавала ў поўным адзінстве з усім характарам саміх фасадаў. Найболей яскрава выяўляецца гэтая рыса ў маленькай частцы палацавага будынку, паданай Смуглевічам на малюнку Замковае гары ад берагу Вяльлі. Паказаны тут кавалак бакавога фасаду, адцяты з правага боку краем малюнку, мае толькі адну рагавую вэртыкальную лінію, пачынаючы-ж з самага верху муру ўвесь падзел фасаду вызначаны выключна даўгімі, чытэльнымі горызонтальнымі лініямі, паўторанымі тры разы ў гзымсах і два разы ў абрамаваньнях вокан. Апошнія вельмі характэрна абведзены тут патройнымі моцнымі ваконьніцамі. Але найболей цікавы шырокі, спакойны фрыз, якім аздоблена горняя частка будынку паміж двох верхніх гзымсаў. Ён