Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/191

Гэта старонка не была вычытаная

ДОЛЬНІ ЗАМАК У ВІЛЬНІ.

складаецца з маленькіх паўцыркульных арачак, па чарзе абапёртых на нявысокія вузкія пілястры і зусім невялічкія трыкутныя кронштэйны, у выніку чаго складаецца ўражаньне шэрагу падвойных арак на пілястрах, з падвешанымі між апошніх вольнымі цягамі. Такі тып дэкорацыі вядомы пад назваю “польскага аттыку”, і пахаджэньне яго, магчыма, усходзіць да Кракава, дзе ў першы раз ён быў ужыты пры апрацоўцы некаторых дэталяй замку на Вавэлі, г. зн. паміж 1502 і 1536 годам[1]. Але ў свой час і ў Вільні ён атрымаў досыць значнае пашырэньне, ня толькі ў замку але таксама і ў іншых, проста цывільных будынках, узорам чаго яшчэ і цяпер можа быць, напрыклад, адзін вельмі добра захаваны дом на Замковай вуліцы[2], прычым у аснове сваёй для Вільні ён можа лічыцца цалком лёгічнай далейшай модыфікацыяй ранейшага фрызу з готыцкіх стрэльчатых арачак, які набыў з цягам часу болей ураўнаважаны і болей адпаведны архітэктуры рэнэсансу характар. Бясспрэчна, гэта павінна было адбыцца пад пэўным уплывам з боку тагочаснага італьлянскага будаўніцтва, і калі мы прыгадаем, што кракаўскі замак на Вавэлі будаваўся італьлянскімі майстрамі, і што магчымасьць удзелу або тых самых, або ў кожным разе належных да тэй самай школы майстроў можна дапушчаць і ў Вільні, — нам зробіцца цалком зразумелай тая супольная крыніца, з якой такі тып аздобы мог вынікнуць як у кракаўскай, гэтак і ў віленскай архітэктуры XVI сталецьця. Пры гэтым трэба зазначыць, што супольнасьць яго ў гэтых двох местах зусім не пазбаўляе яго значнае долі тыповасьці для будаўніцтва Вільні, тым болей, што ў тым самым Дольнім замку ён сустракаецца і ў іншых адменьніках, якія сьведчаць ня толькі аб сталасьці яго ўжываньня, але таксама і аб вядомай органічнасьці мясцовае яго эволюцыі на віленскім грунце.

Адменьнікі гэтыя мы знаходзім у асяродкавай частцы галоўнага палацавага будынку, малюнак якой зроблены Смуглевічам з паўночнага захаду. Агульнае разьмяшчэньне яе і характар сьведчыць, здаецца, што гэта той самы будынак, схэматычны рысунак якога мы бачылі на пляне Брауна, і можа, нават, бакавы фасад яго на малюнку Смуглевіча яшчэ захоўвае сьляды ранейшае свае апрацоўкі. У кожным выпадку, мы бачым тут вокны зусім пазбаўленыя ваконьніц і з крыху закругленымі верхамі, а зьмешчаны над падвойным гзымсам фрыз надзвычайна яшчэ прымітыўны, складаючыся толькі з тонкіх, плоскіх пілястраў, бяз баз і капітэляй, пастаўленых вельмі блізка адзін да аднаго. На галоўным фасадзе, аднак, дэталі значна болей складаныя, што выяўляе болей позьняе яго пахаджэньне: вокны абведзены энэргічнымі абрамаваньнямі з моцна высунутымі падваконьнікамі і ступянёвымі навеснымі гзымсікамі згары; у значна болей распрацаваным

  1. Пар., напр., М. А. de Bovet. Cracovie. Paris, 1910. Стар. 66.
  2. Фотографічны здымак яго зьмешчаны ў монографіі Weber’a: Wilna, мал. 122 на стар. 115.