Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/192

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМКОВАЕ БУДАЎНІЦТВА XIII–XVI СТ.

фрызе аналёгічныя папярэднім пілястры чаргуюцца з вольнымі цягамі, прычым усе яны перасечаны яшчэ раз ледзь намечанымі горызонтальнымі лініямі. У асяродкавай, найболей падвышанай частцы будынку мы бачым надзвычайна моцныя выносныя гзымсы і яшчэ болей складана распрацаваны фрыз, дзе пілястры злучаны ў групы па чатыры ў кожнай, трымаючы на сябе комбінацыі з простых і перакуленых паўцыркульных арачак, з трыкутнымі фронтонікамі над прамежкамі паміж групамі пілястраў. Уся гэтая аздоба мае ў сябе нібыта ўжо досыць заблытаную і быццам рухомую дэкорацыйную рознастайнасць; але над ёй яшчэ раз пракладзены моцны гзымс, так што будынак усё-ж закончаны строгай горызонтальнай лініяй. Праўда па самых рагох яго разьмешчаны нейкія невялічкія обэліскападобныя аздобы, якія ўносяць слабую вэртыкальную ноту; але яны не парушаюць ўсё-ж асноўнай пераважнай горызонталі, якая так моцна падкрэсьлена ва ўсіх іншых частках. У гэтым галоўная і найболей важная прынцыповая розьніца паміж тэй пазнейшай апрацоўкай Дольняга замку, якая замацавана малюнкамі Смуглевіча, і тэй болей раньняй яго стадыяй, якую мы бачылі на пляне Брауна. У асноўным, магчыма, тут застаўся той самы будынак, але спачатку ём меў яшчэ ня зусім выразнае стылістычнае аформленьне, а ў крыху болей позьні час быў амаль што цалком перароблены ў сваім надворным выглядзе згодна з густамі і запатрабаваньнямі новае эпохі. Падвойныя зубцы, якімі раней канчаўся мур, раздраблялі яго верхнюю лінію, надавалі ёй супярэчны асноўным масам будынку вэртыкалізм, утваралі нейкі трывожны лінейны рух на гары палацу, мала ўзгоднены з новым яго расплянаваньнем і прызначэньнем; у пабудове пачатку XVI сталецьця гэта былі яшчэ рэшткі старога замковага стылю, з аднаго боку традыцыйна зьвязанага з готыкай, з другога абумоўленага таксама традыцыйным падыходам да кожнае замковае пабудовы як да ранейшага ўмацаваньня, нават у выпадку, калі фактычна такая пабудова, як напрыклад Дольні замак, для гэтых ваенных, абарончых мэт ужо і не прызначалася. Другая палова XVI сталецьця ад гэтых старых форм і традыцый цалкам ужо адыходзіць; у апошняй конструкцыі яна робіць з асноўных частак Дольняга замку ўжо не замковыя ў ранейшым сэнсе, а чыста палацавыя будынкі, спакойнага і суцэльна-строгага стылю, якімі гісторыя дзяржаўнага замковага будаўніцтва Беларусі завяршаецца ў урачыстых і ясных формах рэнэсансу. I ласьне тут мы можам лепей за ўсё наглядаць той момант, калі архітэктура цывільная ў чыстым сваім выглядзе канчаткова аддзяляецца ад архітэктуры ваеннай, з тым, каб заняць надалей адпаведнае ёй самастойнае і адасобненае месца.