Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/193

Гэта старонка не была вычытаная

ВІЛЕНСКІЯ ЦЫТАДЭЛЬНЫЯ МУРЫ.


6.

Віленскія цытадэльныя муры.

Процэс пераходу чыста-замковае архітэкуры Беларусі ў пазьнейшыя часы ў архітэктуру палацавую заўсёды адбываўся, як мы ўжо зазначылі, шляхам дыфэрэнцыяцыі ранейшых конструкцый, і шляхам выдзяленьня з іх агульнага цэлага будынкаў цывільнага характару. Калі параўнаць між сабою, напрыклад, замак у Троках і Дольні замак у Вільні, — дык мы ўбачым, што ў першым палацавы будынак быў яшчэ сьцісла і беспасрэдна злучаны з старажовай вежай, складаючы з ёй адзіную архітэктурную масу, у той час як у Вільні палацавыя пабудовы ўжо зусім аддзяліліся ад спэцыяльных абаронных будынкаў, і атрымалі пры гэтым у агульнай композыцыі замку рашучую перавагу, што зьяўляецца вельмі тыповым для характарыстыкі паступовага разьвіцьця заходня-беларускае замковае архітэктуры за час з XIV сталецьця да XVI. Трэба, аднак, мець на увазе, што ў апошнім выпадку паслабленьне фортыфікацыйных частак самага замку магло адбыцца толькі за кошт адначаснага з ім узмацненьня ўжо зусім аддзеленых ад замку, але выключна абаронных пабудоў, якія разьвіліся ў XVI сталецьці ў найболей значных беларускіх местах. Процэс нутранога ператварэньня замковае архітэктуры быў у гэтых адносінах цалком органічны і абумоўлены чыста надворнымі варункамі.

У эпоху сярэднявечча паняцьці “замак” і “места” (дакладней кажучы — “горад”) амаль што супадалі; усе будынкі места знаходзіліся ў межах замковых муроў, якія служылі для поўнае іх абароны[1]. Але з цягам часу ўмацаваныя замкі пачалі абкружацца паасобнымі спачатку драўлянымі, а пазьней і каменнымі будынкамі па-за межамі замковых муроў; навакол замкаў паступова расьлі больш-менш значныя паселішчы, — “месты” ў пазьнейшым сэнсе гэтага слова. У Беларусі гэта выявілася зусім ясна ўжо ў XV сталецьці, а ў XVI такое места як Вільня мела, напрыклад, ужо да 100.000 жыхароў, раскінуўшыся далёка за межы ранейшага замку, і займаючы параўнальна вельмі значную тэрыторыю. Зразумела, што для належнае абароны ўсяе гэтае тэрыторыі на выпадак ваеннае небясьпекі нельга ўжо было пакладацца на ўмацаваньне самага замку, які зрабіўся у той час толькі часткай места ў сярэдзіне; трэба было будаваць нейкія спэцыяльныя, незалежныя ад замку, ўмацаваньні, прызначаныя для абароны ўсяго места цалком. У Вільні, як сьведчадь крыніцы, такая пабудова распачалася з 1505 году, пад пагрозай нападу з боку татар. “…хотяху Татаре взяти СлуцкЪ, — кажа

  1. Пар., напр., нямецкае “Burg”; таксама “горад”, што паходзіць ад “гарадзіць” — г. зн. “агароджанае месца”, тэрыторыя, абведзеная агародай.