ВІЛЕНСКІЯ ЦЫТАДЭЛЬНЫЯ МУРЫ.
немного форток было, нежли толко дозволили бых мо имЪ пять брон змуровати; и мы врозумЂвши, штож то слушная рЂчь, приказали есмо им улици безлЂпичныи стеною замуровати, а пять брон толко справити, вкоторых маеть быти сторожа завжды день и ноч: первая брона за пана старостиным двором квели, другая подле матки БожеЂ кЪ трокам, третея подле Стое Троици, четвертая подле стого Спса, а пятая вгород. Ачерес то брон болши того не дозволили есмо им дЂлати, а тую ласку мЂщаном вдЂлали есмо для того, штож они злюбили нам тоЂ мЂсто нашо сего году опорканити и перекопы выкинути, а потом вжо кажды изних свою дЂлницу муром забудуеть[1].
З прыведзенага докумэнту відаць, што на працягу 1505−1506 году павінна была быць зроблена асноўная частка ўсяе працы, г. зн, агульнае расплянаваньне муроў, расчыстка для іх належных месцаў, абводка места ровамі і парканамі, і нарэшце частковае адбудаваньне і самых муроў, прычым апошнія словы паданага намі адрыўку сьведчаць, што канчатковая адмуроўка ўсіх умацаваньняў у зазначаных для іх мясцох магла быць адкладзена і на далейшыя годы. Апроч таго, прывілей вызначае, што ва ўсіх мурох павінна было быць зроблена ўсяго толькі пяць брам, у мэтах найлепшага забясьпечаньня належнае аховы места; апошняе, аднак, засталося фактычна нявыкананым, бо ў пазьнейшыя часы мы знаходзім у віленскіх умацаваньнях крыху большы лік брам, якія памінаюцца ў крыніцах, а таксама паказаны на старадаўніх плянах і малюнках.
Сколькі часу цягнулася ўся пабудова віленскіх муроў, — вызначыць дакладна мы ня можам. У кожным выпадку, аднак, у 1522 годзе яна была ўжо зусім скончана, аб чым сьведчыць адпаведны прывілей вялікага князя Жыгімонта I. Зазначаючы што згодна загаду вялікага князя Ўладыслава пры віленскім замку была прызначана цывільная варта да таго часу, пакуль места ня будзе абведзена мурам, і грунтуючыся на тым, што абмураваньне места ўжо адбылося (“jam Civitas ipsa muro cincta est”), — прывілей гэты скасоўвае памянёную варту і звальняе віленскіх жыхароў ад павіннасьці замковае аховы[2]; у далейшым, у прывілеі яшчэ раз памінаецца, што віленскія грамадзяне за свой уласны кошт абкружылі места мурам (“cives nostril Vilnenses… civitatem eandem nostrum sumptibus propriis muro cinxerunt”), за што разам з некаторымі іншымі заслугамі ім надаюцца пэўныя палягчэньні ў падатках. Такім чынам, ясна відаць, што ў 1522 годзе пабудова муроў была ўжо цалком закончана настолькі, што нават у спэцыяльнай узмоцненай ахове замку ўжо ня было патрэбы. З гэтай самай прычыны зразумела і тое, чаму пры аднаўленьні Дольняга замку пасьля пажару 1530 году магчыма было адзначанае намі вышэй значнае паслабленьне яго спэцыяльных абаронных частак за кошт узмацненьня пераважна палацавых будынкаў: з