Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/196

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМКОВАЕ БУДАЎНІЦТВА XIII–XVI СТ.

пабудаваньнем муроў наўкола ўсяго места цалком, абаронныя прыстасаваньні замку павінны былі мець, гэтак кажучы, толькі запасны характар на выпадак, калі-б ворагу ўдалася захапіць усю тэрыторыю места, ня гледзячы на яго абаронныя муры. Асноўная-ж надзея ўскладалася ўсё-ж на гэтыя апошнія, дзеля чаго яны і павінны былі набыць характар найболей закончаных і дасканалых прылад сьцісла ваеннага будаўніцтва, у якім яны і вядомы нам з тых крыніц, што захавалі для нас некаторыя дэталі іх надворнага выгляду і конструкцыі.

Крыніцамі гэтымі зьяўляюцца ўжо скарыстаны намі плян з кнігі Брауна, а таксама адпаведныя зарысоўкі Смуглевіча[1]. На першым паданы агульны выгляд муроў, якія абкружалі ўсё места шырокім паўколам і мелі ў сабе ў часы складаньня пляну сем паасобных брам. Рысункі Смуглевіча замацавалі чатыры брамы і некаторыя часткі муроў якраз перад іх канчатковым зьнішчэньнем, якое адбылася ў 1799–1803 г. Паколькі да нашага часу ад усіх гэтых брам і муроў нічога ўжо не засталося, апроч толькі грунтоўна перабудаванае ў XVII сталецьці Вострае брамы, — пастолькі мы выключна і змушаны карыстацца памянёнымі рысункамі, дзе адбіваецца фактычна толькі частка ўсяго гэтага раней вялікага і магутнага ўмацаваньня. Трэба зазначыць, аднак, што зарысоўкі Смуглевіча настолькі выразны і ясны ў сваіх дэталях, што нават і гэтай часткі, калі ўжо няма большага, усё-ж досыць, каб скласьці сабе аб віленскіх цытадэльных мурох належнае агульнае ўяўленьне.

У большай сваёй частцы ўсё места, відаць, было абкружана масыўнымі, атынкаванымі знадворку мурамі, узоры якіх мы бачым на акварэлях Смуглевіча каля Вострай, Рудніцкай і Віленскай брам, а таксама каля круглае вежы ў раёне Базыліянскага манастыра (прыблізна на месцы сучаснае Коннае, раней Базыліянскае вуліцы, параўнальна недалёка ад Вострае брамы.). У некаторых мясцох муры гэтыя былі падвышаны і ўзмоцнены з нутранога боку нейкімі прыбудоўкамі. У паасобных частках іх, як напрыклад каля Віленскае брамы, відаць шчылінападобныя вузкія бойніцы. З горніх краёў муры былі перакрыты драўлянымі, мусіць гонтавымі страхамі, пад якімі, напэўна, праходзілі абаронныя ходы, на што, аднак, захаваныя малюнкі не падаюць ніякіх бясспрэчных паказаньняў. Вышыня іх была не асабліва вялікай і ў шмат якіх мясцох яны зусім ня мелі, здаецца, ніякіх спэцыяльных ваенных прылад. Апошнія пераважна былі згуртаваны ў

  1. Па сьпісе Homolickiego №№ 7–12 уключна.