Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/197

Гэта старонка не была вычытаная

ВІЛЕНСКІЯ ЦЫТАДЭЛЬНЫЯ МУРЫ

частках прылеглых да брам і ў самых брамах, хаця і ў гэтых мясцох наглядаецца значная розьніца ўмацаваньня, што тлумачыцца пазьнейшымі пераробкамі некаторых частак.

Найменей умацаванымі выглядаюць на малюнках Смуглевіча Віленская і Вострая брама. Першая з іх мае выгляд досыць высокага двохпаверхавага будынку на квадратовай аснове, з двохспадным дахам на трыкутных фронтонах. У дольнім паверсе гэтага будынку праходзіць самая брама, пралёт якое з надворнага боку аздоблены праз два пілястры, прызначаныя для падтрыманьня ступеньчатага падвойнага гзымсу між першым і другім паверхам. У гэтым апошнім на пару іншых болей кароткіх пілястраў абапёрты другі гзымс, які канчае паверх згары і аддзяляе яго ад фронтону. Паміж пілястраў у гэтым паверсе знаходзіцца круглае вакно, у той час як другое, простакутнае формы, праразае поле фронтону. Агульны характар усяго гэтага будынку, дзе ня відаць ніякіх абаронных прылад, але наадварот — чыста дэкорацыйныя дэталі накшталт пілястраў, — адразу выклікае думку, што ў тым выглядзе, як яна паказана малюнкам Смуглевіча, Віленская брама ня можа належаць да першапачатковай конструкцыі пачатку XVI сталецьця; і запраўды вядома, што брама гэтая грунтоўна перараблялася ў 1760 г.[1], захаваўшы ад свае ранейшае формы хіба толькі агульны квадратовы плян, а таксама глухія роўніцы сваіх бакавых муроў.

Такі самы характар мае і Вострая брама, формы якой, паданыя на малюнку Смуглевіча, бясспрэчна ня могуць належаць да першапачатковых. Яна зарысавана Смуглевічам амаль што ў такім самым выглядзе, які яна мае і ў цяперашні час, за выняткам толькі таго, што з надворнага боку ў ёй паказаны невялічкія бойніцы, і толькі з гэтага фасаду адзначаны тыя орнамэнтальныя аздобы, якія пазьней былі працягнуты наўкола ўсяго будынку. Але выгляд гэты, нават толькі з аднаго галоўнага фасаду, яна бязумоўна магла набыць не раней як у XVII, калі толькі ня ў XVIII сталецьці, і ад першапачатковай конструкцыі ў тым стане, які замацаваны зарысоўкай Смуглевіча, ізноў-жа як і ў Віленскай браме засталася, мабыць, толькі агульная форма будынку і бакавыя муры.

У процілегласць гэтым двом выпадкам, іншыя часткі віленскіх умацаваньняў трапілі на малюнкі Смуглевіча, мусіць, у зусім яшчэ не кранутым і не запсаваным пазьнейшымі пераробкамі першапачатковым выглядзе, што дазваляе лепей іх скарыстаць як значна болей пэўны і каштоўны матар’ял. Перш за ўсё тут трэба адзначыць Рудніцкую браму[2], вельмі блізкую сваім агульным тыпам да дзьвёх папярэдніх, што дазваляе

  1. W. Zahorski. Stare Wilno w rysunkach Fr. Smuglewicza. “Litwa i Ruś”. Miesięcznik poświęcony kulturze, dziejom, krajoznawstwu i ludoznawstwu. Pod redakcja Jana Obsta. Tom I, zeszyt II, Luty 1912. Str. 78.
  2. Брама гэтая знаходзілася непадалёк ад касьцёлу Стэфана (Zahorski, ор. сіt., стар. 77), і была зруйнавана ў 1800 г. — Wilno z przed stu lat w akwarelach Franciszka Smuglewicza, стар. 17.