Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/199

Гэта старонка не была вычытаная

ВІЛЕНСКІЯ ЦЫТАДЭЛЬНЫЯ МУРЫ.

муроў, скончаных масыўнаю круглаю вежаю досыць значных памераў і вельмі соліднае конструкцыі. Вежа гэтая мае зусім гладкія і непадступныя, роўна затынкаваныя муры, згары якіх відаць некалькі круглых бойніц, а яшчэ вышэй — моцны, значна высунуты наперад навакольны гзымс, над якім, мабыць, павінна было ўздымацца калісьці высокае конусападобнае накрыцьцё. У часы Смуглевіча вежа гэтая была ўжо напалову зруйнавана, і, як вядома, у хуткім часе пасьля зарысоўкі, г. зн. у 1799 годзе, зьнішчана[1]; але і ў тым выглядзе, як яна трапіла на малюнак, г. зн. з разбураным фундамэнтам, з лічнымі шчылінамі і спадамі тынку, і канчаткова пазбаўленая накрыцьця, — яна ўсё яшчэ робіць паважнае і надзвычайна магутнае ўражаньне.

Яшчэ болей складаныя і грунтоўныя ўмацаваньні знаходзім мы ў браме Субач[2], разам з прылеглай да яе часткай муроў, якую можна лічыць наогул адным з найлепшых узораў беларускага фортыфікацыйнага будаўніцтва XVI сталецьця. Перш за ўсё, тут варта ўвагі надзвычайная масыўнасьць усяе пабудовы, а таксама значны лік спэцыяльных абаронных прылад, дзе мы сустракаем і некаторыя зусім новыя, раней ня ўжываныя прыёмы. Моцны мур, складзены з валуноў, — у кожным выпадку ў дольняй сваёй частцы, — і шчыльна затынкаваны з паверхні, бясспрэчна меў у гэтым месцы абаронны ход. Каля Сьвятадухаўскага манастыра частка яго паказана на акварэлі Смуглевіча крыху падвышанай, а з горняга краю ў гэтым месцы знаходзіцца шэраг бойніц простакутнае формы з закругленымі верхавінамі; ніжэй гэтых бойніц мур утварае выступ з гзымсам, падтрыманым шэрагам ступеньчатых кронштэйнаў, разьмяшчэньне якіх прыпадае якраз на прамежкі між бойніц, а паміж кронштэйнаў высунутая наперад частка муру прарэзана здолу з дапамогай дзесяці машыкуляй. Далейшая частка муру, якая адыходзіць ад гэтага месца ў кірунку да брамы Субач, ужо ня мае бойніц[3], але ўся яе горняя частка, таксама як і ў памянёным падвышэньні, высунута наперад на такіх самых ступеньчатых кронштэйнах, паміж якіх ізноў знаходзіцца шэраг машыкуляй. Апошнія ў даным выпадку сустракаюцца нам у беларускай ваеннай архітэктуры ў першы раз.

Тут, між іншым, варта зазначыць, што ўся гэтая конструкцыя мае шмат супольных рыс з конструкцыяй муроў каля Рынку ў Кракаве, — часткова, што ўся ўжытыя тут сыстэма бойніц і машыкуляй паміж ступеньчатых кронштэйнаў амаль што аднолькава з конструкцыяй кракаўскага барбакаму 1498 г. Магчыма, што гэта сьведчыць аб нейкіх беспасрэдных узаемаадносінах паміж віленскім і кракаўскім будаўніцтвам канца XV – пачатку XVI сталецьця, — можа аб супольнасьці некаторых майстроў, можа нават аб магчымых выпадках узаемных ўплываў абодвух памянёных местаў

  1. Wilno z przed stu lat w akwarelach Franciszka Smuglewicza, стар. 17.
  2. Знаходзілася ў найвышэйшым пункце віленскіх муроў, на Бакшце. Zahorski, ор. сіt., 77. Таксама Ю. Крачковский: Старая Вильна до конца XVIII ст. Вильна 1893, стар. 65. Зьбіта ў 1801 г. — Wilno z przed stu lat…, стар. 17.
  3. Праўда, трэба зазначыць, што самы край яе паказаны на малюнку Смуглевіча ўжо зруйнаваным.