Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/20

Гэта старонка была вычытаная

шляхоў. Нельга, напрыклад, перавялічаць ролю "вялікага воднага шляху" (што заўважаецца часам у адпаведнай літаратуры), паколькі да X сталецьця ўключна яна далёка не зьяўляецца значнай. Будучы спачатку ў сваёй паўночнай частцы амаль што выключна шляхам руху норманскіх ("вараскіх") вайсковых і часткова гандлёвых дружын, шлях гэты мог занасіць да нас толькі зусім абмежаваны лік, агулам кажучы, досыць бедных скандзінаўскіх вырабаў[1], як, напрыклад, овальных, так званых "чашачных" фібул, — і значна большую ролю ён адыграў, магчыма, у адваротным кірунку, г. зн. пры пераносе заходняэўропейскіх і ўсходніх прадметаў транзітам праз Беларусь у Скандынавію. Разьвіцьцё нормандзкага гандлю, якое пасілілася ў пазьнейшую эпоху, каля X сталецьця, у сэнсе ўплываў на беларускую тэрыторыю мела, відаць, крыху большае значэньне сваімі сувязямі па іншых сыстэмах, часткова дняпроўска-волскай. Што-ж датычыць паўднёвае часткі гэтага шляху, праз якую адбываліся зносіны з узьбярэжжам Чонага мора і з Бізантыяй, дык на падставе архэолёгічных знаходак можна лічыць, што аж да XI сталецьця бізантыцкія вырабы і бізантыцкія стылістычныя формы даходзілі па сыстэме Дняпра ня далей, як да Кіеўшчыны і Чарнігаўшчыны, і толькі з гэтага часу пачалі паступова прасочвацца таксама і ў Беларусь[2]. У кургановых знаходках Беларусі прадметаў бізантыцкага характару зусім няма; у скарбах — можна вызначыць толькі некаторыя рэдкія формы бранзалетаў. Большая частка беларускіх старажытнасьцяй, у тым ліку, нават, і тыя, якім некаторыя аўтары імкнуліся прыпісаць бізантыцкае пахаджэньне[3], у тыпах сваіх выяўляюць залежнасьць ад іншых культур і ў большасьці выпадкаў сьведчаць аб беспасрэднай сувязі з Усходам, бяз жадных сьлядоў бізантыцкае пераапрацоўкі ўсходніх першаўзораў, што выключае магчымасьць тлумачыць зьяўленьне іх у Беларусі праз пасярэдніцтва Бізантыі. Нават у тых паасобных выпадках, калі мы сустракаем рэчы, уласьцівыя таксама і бізантыцкім старажытнасьцям, — прадметы, знойдзеныя на беларускай тэрыторыі, па формах сваіх і дэталях значна бліжэй да ўсходніх знаходак, часткова, між іншым, да некаторых прадметаў з прыволскіх і тамбоўскіх магільнікаў, ніж да складаных бізантыцкіх

  1. Пар., напр. Материалы по археологии России, № 28. В. И. Сизов. Курганы Смоленской губернии. Вып. I. Гнездовский могильник близ Смоленск СПБ 1902. Стар., 119, 125. Таксама: Кондаков и Толстой. Русские древности в памятниках искусства вып. V, стар. 5
  2. Пар., напр., зацьверджаньні Niederle, якія, аднак, памылкова, на нашую думку, да гэтага самага часу адсоўвае і пачатак усходняга ўплыву. Slovanské starožitnosti, I, sv. IV, стар. 252
  3. Напрыклад, Кондаков і Толстой у адносінах да грыўняй і некаторых галаўных аздоб. — Русские древности в памятниках искусства, V, стар. 50 і інш.