Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/203

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМАК У МІРЫ.

чужаземнага ворага, але нават і з боку свайго аднапляменнага зайздроснага суседа. Да гэтага трэба дадаць, што надзвычайна высокі кошт мураваных будынкаў не дазваляў у тыя часы нават самым высокім і багатым магнатам асабліва павялічаць памеры такіх пабудоў; апроч таго, абарона большага замку ў выпадку нападу вымагала-б таксама большага ліку ўзброенае сілы, што для прыватнага ўласьніка не заўсёды было лёгкай справай. Усё гэта спрычынілася да таго, што прыватныя замкі зусім ня мелі магчымасьці для таго, каб адмяжоўваць у сваіх конструкцыях як цалкам незалежныя адна ад аднэй свае паасобныя складальныя часткі, прызначаныя для ваенных і для мірных функцый, — нават у тую эпоху, калі ў дзяржаўнай замковай архітэктуры такое амежаваньне ўжо праведзена было канчаткова. Не зважаючы на досыць позьні час свайго ўзьнікненьня, яны былі змушаныя, да вядомай ступені, яшчэ захоўваць у плянах сваіх і ў разьмяшчэньні сваіх паасобных будынкаў ранейшыя, старадаўнія замковыя тыпы, злучаючы свае жылыя памяшканьні і часткі фортыфікацыйнага прызначэньня ў адно агульнае архітэктурнае цэлае. У гэтых адносінах ласьне прыватныя замкі і наогул найболей доўга захавалі ў Беларусі конструкцыі найболей чыстага замкавага характару, у той час як у дзяржаўным будаўніцтве, пачынаючы з XVI сталецьця, замкаў у сьціслым сэнсе гэтага слова бадай што ўжо і зусім ня было. Усе гэтыя асаблівасьці прыватных замковых будоў зусім ня мелі, аднак, характару беспасрэднага звароту да ранейшых конструкцый з літаральным іх паўтарэньнем у спозьненых, архаічных формах. Надварот, гэтыя найболей позьнія замковыя пабудовы Беларусі здолелі цалкам успрыняць у сябе і належным чынам выкарыстаць усю тую формальную спадчыну, якая ім засталася ад папярэдняга разьвіцьця беларускага замковага будаўніцтва ў цягу трох папярэдніх сталецьцяў, стварыўшы такія архітэктурныя схэмы, дзе старадаўнія будаўнічыя прынцыпы злучыліся з новымі спосабамі формальнага іх выяўленьня. Аб’яднаньне палацу і ўмацаванае цытадэлі ў аднэй і тэй самай будове ўжо не зьяўлялася тут перашкодай для дасканалае і свабоднае распрацоўкі кожнае з гэтых складальных частак: фортыфікацыя замку не замінала належнаму разгортваньню палацу, а гэты апошні, у сваю чаргу, ня быў прычынай паслабленьня ўмацаваньняў, так што ў выніках, побач з умела ўжытымі, складанымі абароннымі прыладамі, зробленымі згодна з апошнімі запатрабаваньнямі тагочаснае ваеннае тэхнікі, — ня меней закончана і дакладна распрацоўваліся таксама і чыста архітэктурныя элемэнты, як конструкцыйныя, гэтак і дэкорацыйныя. Няўхільнай, але надзвычайна характэрнай, зьяўлялася тут толькі, як мы ўбачым у далейшым, нейкая агульная стылістычная нявытрыманасьць архітэктурнага цэлага, абумоўленая тэй асноўнай розьніцай у характары палацавых і абаронных будоў, якая зрабілася асабліва выяўнай наогул у архітэктуры Беларусі,