Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/205

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМАК У МІРЫ.

часе дасьледваньня яго I. Іодкоўскім, ён быў яшчэ досыць добра захаваны з надворнага боку, і толькі ў часе апошняе вайны зруйнаваньне замку, асабліва веж, дайшло да такой ступені, што ў самыя апошнія годы яго аднаўленьне павінна было фактычна зьвярнуцца ў будаваньне нанова па старым узоры. Усё гэта мае вынікам тое, што нутраная конструкцыя Мірскага замку, а таксама яго лічныя росьпісы, каляровыя вітражы, і розныя дэкорацыйныя аздобы — вядомы нам вельмі мала, толькі на падставе тых рэштак, якія яшчэ захоўваліся ў часе досьледаў 1915 году, у той час як першапачатковы надворны выгляд яго, агульны плян, асноўныя архітэктурныя формы і нават некаторыя дэталі надворнага ладу — могуць быць выяўлены досыць ясна.

У пляне сваім Мірскі замак мае амаль што правільны квадрат, абнесены масыўнымі мурамі, з чатырма квадратовымі ў пляне вежамі па рагох. З паўночнага ўсходу і паўднёвага ўсходу да гэтых муроў з нутранога боку прымураваны два корпусы палацавага будынку, разьмешчаныя пад простым вуглом адзін да аднаго. У сярэдзіне паўночна-заходняга муру знаходзіцца пятая галоўная вежа над брамаю. Калісьці гэты бок замку меў яшчэ дадатковае ўмацаваньне ў выглядзе другога паралельнага, крыху болей нізкага муру, які злучаў рагі паўночнае і заходняе вежы з рагамі асяродкавае, і меў паўкруглы барбакан перад галоўным уваходам[1]. Умацаваньне гэтае было пазьней зьнішчана і аб яго існаваньні вядома толькі з нязначных рэштак каля заходняга рогу паўночнае вежы; магчыма, праўда, што яно наагул зьяўлялася пазьнейшай прыбудоўкай, довадам чаго можа быць прысутнасьць спэцыяльных абаронных прылад у частцы асноўнага муру паміж паўночнай і галоўнай вежай.

З трох бакоў, а ласьне з паўднёвага ўсходу, паўночнага ўсходу і паўночнага захаду, увесь замак абкружаны валамі з захаванымі ў некаторых мясцох сьлядамі бастыёнаў. З чацьвертага боку, г. зн. з паўднёвага захаду, знаходзіцца вялікі ставок. Зьвернуты ў гэты бок мур мае лічныя бойніцы, а таксама браму, — магчыма болей позьняга за ўвесь замак пахаджэньня. З нутранога боку ад гэтае брамы да заходняе вежы ўздоўж муру цягнецца асобны насып, прызначаны для гармат.

  1. Гл. Інвэнтар Мірскага графства ад 1681 году — “Древности” т. VI, стар. LХХI.