Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/207

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМАК У МІРЫ.

Крэве, Лідзе і Троках, прычым асноўная схэма яго ў выглядзе чатырохкутніку, умацаванага рагавымі вежамі, зьяўляецца наагул надзвычайна характэрнай для беларускага будаўніцтва. Як вядома, гэтая схэма сустракаецца тут ня толькі ў замках, але таксама ў цывільнай і царкоўнай архітэктуры, у цягу пэўнага досыць доўгага часу захоўваючыся досыць стала, так што калі першыя спробы яе выяўленьня заўважаюцца яшчэ ў XIV сталецьці, — дык лепшыя ўзоры мы знаходзім якраз у XVI. Адным з апошніх і можа лічыцца замак у Міры, які пры гэтым зьяўляецца аднэй з найболей монумэнтальных і значных сваімі памерамі будоў. У чыста тэхнічнай конструкцыі Мірскага замку можна адзначыць вялікую яе дакладнасьць. Замак збудаваны з добра апаленае і роўна пакладзенае цэглы, на фундамэнтах з валуновага каменьня, абкладзенага цаглянаю абліцоўкаю, што можна заўважыць, напрыклад, у пашкоджаных частках усходняе вежы і прылеглых да яе муроў, а таксама ў некаторых іншых мясцох. Нутраныя муры палацавата будынку, дзе непатрэбна была асаблівая трываласць кладкі, ад самага фундамэнту змураваны ўжо з аднэй толькі цэглы. Форма цэглы — звычайная, прадоўжная, нават у тых мясцох, дзе яна служыць як матар’ял для паўцыркульных або стрэльчатых арак, як напрыклад у браме, а таксама ў налічніку галоўнага палацавага ўваходу; але ў некаторых мясцох ужыта і формаваная цэгла трапэзападобнае формы — у тым ліку ў машыкулях і ў луках дэкорацыйных ніш на фасадах веж. Кладка ўсюды вельмі солідная і моцная, з тонкімі швамі вапнавае рашчыны і роўнай апрацоўкай паверхні. Нутраныя памяшканьні, а таксама і некаторыя надворныя часткі, як напрыклад дэкорацыйныя нішы, атынкаваны.

Лік спэцыяльных абаронных прылад у Мірскім замку параўнальна нязначны. У мурох і вежах знаходзяцца бойніцы, найбольшы лік якіх прыпадае на частку паўночна-заходняга муру паміж галоўнаю і заходняю вежамі, а таксама на паўднёва-заходні мур, над гарматнай пляцоўкай. Разворы бойніц маюць простакутную форму з закругленым верхам; у перакроі яны складаюцца з некалькіх аддзяленьняў, паступова паменшаных да надворнага боку. Апроч бойніц, галоўны фасад замку, а таксама паўднёвая вежа, маюць яшчэ нязначны лік машыкуляй. На галоўным фасадзе яны разьмешчаны ў частцы муру, беспасрэдна прылеглай з поўначы да галоўнае вежы; у пазьнейшы час яны былі закладзены цэглай, — мабыць тады, калі ў гэтым месцы было збудавана памянёнае намі вышэй дадатковае ўмацаваньне ў выглядзе муру з барбаканам. Усяго тут дзьве машыкулі на трох кронштэйнах трыкутнае формы, складзеных з паступова паменшаных пліт. Лукі іх зроблены з трапэзападобных цаглін. Уся частка муру высунута тут крыху наперад, як-быццам нейкая прыбудоўка, абапёртая на кронштэйны, паўзьверх якой праходзіць галярэя з адным вакном і трыма бойніцамі.

Трэба зазначыць, што ў шмат якіх мясцох горнія часткі муроў Мірскага замку былі ў пазьнейшыя часы зруйнаваны, або зьменены надбудоўкаю горніх паверхаў палацу, з прычыны чаго магчыма дапусьціць, што першапачаткова лік бойніц і машыкуляй мог быць не такім абмежаваным, але ў большай ступені адпавядаць вымаганьням тагочаснае фортыфікацыі.