Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/21

Гэта старонка была вычытаная

аздоб, якія паходзячы, пэўна, ад аналёгічных усходніх узораў, звычайна выяўляюць, аднак, грунтоўныя ўхіленьні ад першапачатковых сваіх орыгіналаў. Гэта дазваляе лічыць магчымым, што нават пры пэўнай супольнасці асноўных першаўзораў як для Бізантыі, гэтак і для некаторых славянскіх краін (у тым ліку для Беларусі), існавалі розныя шляхі пашырэньня і ўплыву гэтых першаўзораў, прычым, калі першапачатковую крыніцу іх трэба шукаць або ў Пэрсіі або нават яшчэ далей, сярод вандроўных народаў Сярэдняе Азіі, — дык першы шлях намячаецца праз Пэрсію і Сірыю ў Бізантыю, другі-ж, таксама праз Пэрсію, — на поўнач, на ўзьбярэжжа Касьпійскага (а часам і Чорнага) мора, на Каўказ і ў Прывалоскія краіны, і ўжо адсюль, праз краіны, заселеныя фінскімі плямёнамі, у славянскія землі. Для Беларусі ў гэтых адносінах зьяўляліся, відаць, асабліва важнымі сувязі яе з Прываложжам і з Донам, з дзяржавамі Хазар і прывалоскіх балгар.

Гэтыя сувязі, пераважна, маглі быць завязаны па вызначаным намі вышэй заходня-ўсходнім водным шляху, з дапамогаю волакаў, якія злучалі сістэму Заходняе Дзьвіны і, часткова, Дняпра з сыстэмаю Волгі. Ласьне па гэтым шляху адбывалася славянская (галоўным чынам, крывіцкая) колёнізацыя ў напрамках на ўсход і паўднёвы ўсход, і гэтым-жа шляхам вяліся пазьней гандлёвыя зносіны з багатымі прывалоскімі землямі, і праз пасярэдніцтва іх з узьбярэжжам Касьпійскага мора, далей праз Каўказ і Пэрсію — з Сярэдняй Азіяй, і нават з дальня-ўсходнімі краінамі, аж да Кітаю[1]. Пачатак гэтых зносін трэба, мабыць, аднесьці да VI-VII сталецьця. У кожным выпадку, паводле вестак Ібн-Хордабдэ ў "Кнізе шляхоў і дзяржаў", у другой палове IX сталецьця славяны вялі ўжо сыстэматычны і надзвычайна інтэнсыўны гандаль з усходнімі краінамі, пераважна з Ітылем, сталіцаю Хазарскае дзяржавы, а таксама з Дамаскам і Багдадам. Ёсьць падставы лічыць пры гэтым, што памянёныя ім гандляры паходзілі з наўгародзкіх славян ці наагул з славян крывічоў; аб’езьдзіўшы бліжэйшыя славянскія землі і назапасіўшы тут належныя тавары — пераважна футры, а таксама некаторыя вырабы, магчыма, заходня-эўропейскага пахаджэньня — яны выпраўляліся ў далёкае падарожжа на ўсход, адкуль, у сваю чаргу, вывозілі прадметы раскошы: ароматы, каштоўныя каменьні, шаўковыя тканіны, нарэшце залатыя і сярэбраныя ювэлірныя вырабы[2].

Разам з славянскімі гандлярамі ў гэтым гандлі прымалі, напэўна, удзел таксама і норманы.

  1. Пар. В. Н. Сизов Гнездовский могильник, стар. 94. Таксама: В. И. Завитневич. Вторая археологическая экскурсия в Припетское Полесье. Киев, 1891. Стар. 62.
  2. Русские древности в памятниках искусства, V, 22-24.