Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/210

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМКОВАЕ БУДАЎНІЦТВА XIII–XVI СТ.


Разьмеркаваньне дэкорацыйных элемэнтаў у паасобных вежах праведзена парознаму, так што кожная з іх патрабуе асобнага разгляду. На першае месца ў сэнсе дэкорацыйнага багацьця трэба паставіць галоўную вежу над брамай, што, зразумела, адпавядае яе цэнтральнаму значэньню ў замку і асяродкаваму палажэньню на галоўным паўночна-заходнім фасадзе. У вышыню вежа гэтая мае чатыры асноўныя паверхі і невялічкі надбудаваны над імі пяты ярус дэкорацыйнага прызначэньня. Першыя два паверхі складаюць дольні чатырохсьценьнік, а далей пачынаецца няправільны васьмісьценьнік з пасьлядоўным чаргаваньнем шырокіх і вузкіх граняй. У дольнім паверсе знаходзіцца брама, якая з абодвух бакоў мае паўцыркульныя надворныя аркі, а ў сярэдзіне крыху пераламанае, стрэльчатае ў перакроі скляпеньне. Калісьці брама гэтая зачынялася з дапамогай жалезных кратаў, якія спушчаліся на ланцугох з спэцыяльнага вузкага прарэзу, зробленага ў скляпеньні. Асобны ўваход і ўсходы вядуць адсюль беспасрэдна на другі паверх вежы.

Асноўны эфэкт надворнае апрацоўкі фасадаў дасягаецца тут з дапамогай цэлай сыстэмы гзымсаў і невялічкіх плоскіх ніш з затынкаванымі паглыбленьнямі. Вокан у вежы вельмі мала, прычым некаторыя з іх у пазьнейшыя часы былі закладзены, а часткаю і грунтоўна перароблены. Дэкорацыя пярэдняга фасаду вежы распачынаецца з самага дольняга паверху, дзе з абодвых бакоў галоўнага ўваходу разьмешчаны дзьве вялікія нішы з паўкруглымі лукамі, над імі два круглыя паглыбленьні, а крыху бліжэй да брамы яшчэ дзьве маленькія нішы; над самай брамай знаходзіцца вялікая патройная ніша, сярэдні лук якой абапёрты на два кронштэйны; нарэшце яшчэ вышэй праходзіць даўгая паглыбленая паласа, замест гзымсу на мяжы двох паверхаў; з заходняга боку яе відаць звычайнае простакутнае вакно, мабыць прабітае ў пазьнейшыя часы. Дэталі надворнае апрацоўкі другога паверху групуюцца навакол цэнтральнага стрэльчатага вакна, моцна пашкоджанага пазьнейшым праломам. Дэкорацыя складаецца тут з двох шэрагаў ніш, прычым восем ніш дольняга шэрагу параўнальна малыя і вузкія, а чатыры нішы згары — вялікія і шырокія, з паўкруглымі лукамі; дольні шэраг знаходзіцца пад вакном, а горнія нішы разьмешчаны па дзьве з абодвых бакоў і крыху вышэй вакна. Далей ужо пачынаецца трэці паверх, дзе вежа пераходзіць з асноўнага чатырохсьценьніку ў васьмісьценьнік, прычым пераход гэты настолькі выразны ў самай форме, што на фасадзе ён не падкрэсьлены ніякай дэкорацыйнай лініяй. На самай мяжы другога і трэцяга паверхаў знаходзіцца вакно пазьнейшага пахаджэньня і па бакох яго дзьве высокія вузкія нішы; над імі зьмяшчаюцца дзьве нязначныя паглыбленыя горызонталі, яшчэ вышэй дзьве вельмі нізкія нішы і паміж іх