ЗАМАК У МІРЫ.
трэці паверх ад чацьвертага. Уся іншая гладкая роўніца муру мае толькі нязначны лік няправільна разьмешчаных вокан.
Нутраныя памяшканьні вежы захаваліся значна горш за надворныя часткі, так што характар іх можна высьветліць толькі ў самых агульных рысах. Муры яе маюць шмат рознастайных нутраных усходаў і пераходаў. У сутарэньні знаходзіцца невялічкае памяшканьне трапэзападобнага пляну, якое мае некалькі бакавых аддзяленьняў і злучана праходам з маленькім надворным выхадам. Праз першы паверх праходзіць праём брамы, складзены з трох аддзяленьняў; крайнія з іх пакрыты карабовымі скляпеньнямі, а над асяродкавым крыху пераламанае пасярэдзіне скляпеньне мае готычны стрэльчаты профіль. Па бакох асяродкавага аддзяленьня зьмешчана некалькі бакавых памяшканьняў, і тут-жа ў паўднёва-ўсходнім муры пачынаецца праход і ўсходы, якія вядуць на другі паверх. Памяшканьне другога паверху было калісьці, здаецца, замковай капліцай; яно мае трапэзападобны плян, і было раней перакрыта крыжовым скляпеньнем, пазьней зруйнаваным; з паўночнага захаду побач з ім знаходзіцца невялічкая бакоўка з карабовым скляпеньнем і адным вакном, якое выходзіць на галоўны фасад вежы, а з паўднёвага ўсходу ёсьць досыць глыбокая ніша, дзе мабыць, зьмяшчаўся калісьці альтар. З усходняга кута памяшканьня распачынаецца шырокі нутраны праход у муры, які два разы загінаецца пад простым вуглом і выходзіць на галярэю, якая займае частку паўночна-заходняга замковага муру над машыкулямі, паміж галоўнай і паўночнай вежай. У супроцьлеглым заходнім куце каля капліцы знаходзіцца маленькая квадратовая ў пляне каморка, адкуль пачынаюцца яшчэ два нутраныя праходы: адзін з іх паварочвае на паўднёвы ўсход і з паўднёвага рогу вежы выходзіць на абаронны ход, які злучае галоўную вежу з заходняй; другі праход, магчыма, болей, позьняга пахаджэньня, крыху спушчаецца да долу ў паўночна-заходнім напрамку, і на галоўным фасадзе вежы мае выхад на зьнішчаны цяпер барбакан. Расплянаваньне іншых паверхаў вежы значна прасьцейшае: усе яны маюць чатырохкутныя памяшканьні з вокнамі і бойніцамі, перакрытыя ў большасьці выпадкаў ужо зруйнаванымі крыжовымі скляпеньнямі; нутраныя праходы ў мурох і ўсходы злучаюць паверхі паміж сабой.
Калі мы спыніліся так падрабязна на апісаньні надворнага выгляду і нутранога ладу галоўнае вежы Мірскага замку, — дык гэта з тае прычыны, што яна можа лічыцца ў замку за асабліва характэрную; дэкорацыйныя формы яе і конструкцыйныя дэталі з нязначнымі відазьменамі паўтораны таксама і ў іншых вежах, прычым у гэтых апошніх можна заўважыць толькі вядомае спрашчэньне ўсяе дэкорацыйнае схэмы, асабліва ў паўднёвай і ўсходняй вежах, прылеглых да палацавага будынку і