Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/216

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМАК У МІРЫ.

да чаго дэкорацыя Мірскага замку робіць значна болей складанае і багатае ўражаньне, маючы самыя розныя сыстэмы ніш, значную рознастайнасьць форм іх і рознастайнасьць груповак, што надае орнамэнтыцы мірскіх фасадаў характар зусім адменнага стылю. Такім чынам, можна лічыць, што калі нават памянёны дэкорацыйны прыём і быў запазычаны беларускай архітэктурай адкуль-небудзь знадворку, — дык у кожным разе ў практычным ужытку ён быў грунтоўна перапрацаваны ў новых, болей складаных і рознастайных формах; апроч таго, ласьне на Беларусі ён атрымаў і найболей значнае пашырэньне, зьявіўшыся адным з найболей улюбёных і характэрных дэкорацыйных прыёмаў у цягу пэўнага часу; апроч Мірскага замку, аналёгічныя спосабы дэкорацыі ў такім самым стылістычным аформленьні мы сустракаем у Беларусі і яшчэ ў цэлым шэрагу будынкаў, пераважна першае паловы XVI сталецьця, як напрыклад у Сынкавіцкай і Мала-Мажэйкаўскай цэрквах, а таксама часам нават і ў яшчэ болей позьніх пабудовах, прыкладам чаму можа быць хоць-бы фронтон Бэрнардынскага касьцёлу ў Вільні, перабудаваны ў XVII сталецьці.

Што да асноўнага грунту гэтага стылю, дык асабліва цікава, што, не зважаючы на досыць позьняе пахаджэньне ўсіх памянёных помнікаў, у тым ліку і Мірскага замку, мы знаходзім у іх выразныя рысы тае самае паўночна-нямецкае готыкі, якая ў цягу доўгага часу была найболей значнай крыніцай для беларускай замковай архітэктуры. Праўда, у Мірскім замку рысы гэтыя абмежаваны толькі надворнай апрацоўкай фасадаў у вежах, у той час як у нутраной конструкцыі апошніх, за малымі выняткамі, часьцей сустракаюцца звычайныя карабовыя скляпеньні, а таксама крыжовыя скляпеньні без нэрвюр, і толькі ў двох мясцох — у паўднёвай і паўночнай вежах — мы знаходзім готычныя нэрвюрныя скляпеньні. Але хутчэй за ўсё гэта тлумачыцца тым, што вежы Мірскага замку ніколі не прызначаліся ні для якіх іншых, як толькі для сьцісла абаронных мэт, з прычыны чаго іх нутраной апрацоўцы наогул было аддана параўнальна мала ўвагі, чаго мы не знаходзім у іншых, памянёных намі вышэй будынках, дзе надворная дэкорацыя нішамі злучана з чыста готычнымі конструкцыйнымі сыстэмамі. Характэрнай рысай зьяўляецца, напрыклад, тое, што ў Мірскім замку нават зьвернутыя на панадворак фасады веж значна меней дэкораваны, ніж надворныя фасады; гэта сьведчыць, што першапачаткова нутраным часткам тут надавалася наогул многа меншае значэньне; часткі гэтыя прызначаліся выключна для абаронных мэт, нутраны палац быў, напэўна, драўляным, без асаблівае артыстычнае апрацоўкі, і толькі ў надворных частках віднае месца было адведзена дэкорацыі, апрацаванай досыць сваеадменна, але ў характары традыцыйнае для замковага будаўніцтва готыкі.