Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/218

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМАК У МІРЫ.

падваконінікам і простакутнай плоскай рамай, якая згары канчаецца маленькай горызонтальнай стрэшкай і выкладзенай над ёй рэльефам дугападобнай аркай; арка гэтая складзена з пастаўленых кантам цаглін, а прамежак між ёю і стрэшкай затынкаваны, таксама як і большая частка паверхні фасадаў. Уваходы ў палац апрацаваны падобна да вокан, так што цагляныя аркі над імі ствараюць адзіную чыста дэкорацыйную дэталь. У выніках агульны характар палацавага будынку ў параўнаньні да веж набывае значна большую прастату, але ў той самы час здаецца больш вытрыманым і строгім. Вядомае ажыўленьне ў фасады ўносіла толькі лінія бальконаў у трэцім паверсе паўднёва-ўсходняга крыла; ад гэтых бальконаў, у цягу часу зруйнаваных, захаваліся вялікія патройныя ступеньчатыя кронштэйны з віткамі; але ў профілі іх ёсьць ужо элемэнты барокко, так што, мабыць бальконы мелі болей позьняе за ўвесь будынак пахаджэньне, належачы да ліку дадаткаў, унесеных перабудоўкамі палацу ў XVII сталецьці[1].

Разглядаючы ўзаемаадносіны палацавага будынку і абаронных частак, г. зн. муроў і веж Мірскага замку, трэба адзначыць адну надзвычайна важную асаблівасьць: ня гледзячы на істотную розьніцу ў стылі, палац настолькі сьцісла злучаны з вежамі і мурамі, што разам з імі стварае нейкае агульнае архітэктурнае цэлае, якое хаця і ня было прадбачана, пэўна, асноўным першапачатковым плянам замку, але ў выніках крыху пазьнейшага разьвіцьця яго конструкцыі, у межах таго самага XVI сталецьця, зрабілася як-быццам зусім натуральным і органічным. Сувязь палацу з фортыфікацыйнымі будовамі замку асабліва падкрэсьлена тым, што ён ня мае сваіх уласных надворных муроў і зьяўляецца толькі прыбудоўкаю да паўночна-ўсходняга і паўднёва-ўсходняга бакоў асноўнага чатырохкутніка замку, якія былі надбудаваны згары, і паралельна якім з панадворку былі збудаваны два нутраныя муры, злучаныя з надворнымі цэлым шэрагам пераборак. Гэтым спосабам у склад палацавага будынку былі ўведзены і рагавыя вежы, апроч заходняй, так што нават уваходы ў іх апынуліся ў нутраных рагавых памяшканьнях палацу.

Такая сьціслая сувязь паміж жылым памяшканьнем і абароннымі часткамі ў будынку XVI сталецьця складае асноўную асаблівасьць прыватнага замковага будаўніцтва. Як мы адзначалі вышэй, дзяржаўная замковая архітэктура ў гэты час ужо канчаткова разьмежавала палацавыя і абаронныя пабудовы, для чаго там былі шырокія об’ектыўныя магчымасьці, асабліва ў Вільні, дзе, напрыклад, пры пабудове Дольняга замку можна было пакладацца на моцную лінію цытадэльных умацаваньняў

  1. Між іншым, Іодкоўскі дапушчае магчымасьць, што ўся пабудова палацу адбылася ў некалькі прыёмаў (“Древности” VI, стар. LХІХ). Гэтаму супярэчыць аднак стылістычнае адзінства ўсіх трох паверхаў, прычым дэталі іх бясспрэчна належаць да XVI ст.