З разьвіцьцём усходняга гандлю ў абодвых кірунках па яго асноўным шляху, г. зн. і з захаду па ўсход, і з усходу на захад распачаўся сыстэматычны рух рознастайных прадметаў дэкорацыйнага мастацтва і разам з тым пераход адпаведных орнамэтнальных форм. Ва ўсходнім напрамку шляхам гандлю, а яшчэ раней, можа, шляхам колёнізацыі, славяны заносілі ў фінскія краіны прадметы заходняга вырабу, а часам, магчыма, і свае ўласныя іх варыянты, на што паказвае, напрыклад, амаль што поўная тоесамасьць некаторых знаходак у беларускіх і так званых "мяранскіх" магільніках. Уліваючыся ў шэраг мясцовых фінскіх вырабаў самастойнага, досыць грубога стылю, прадметы гэтыя рабіліся сярод іх узорамі болей складанай, тонкай і багатай дэкорацыймі формамі ювелірнае орнамэнтыкі, выклікаючы частыя перайманьні ў больш простай тэхніцы і ў болей грубым матар’яле. Так, напрыклад, сярод знаходак Мурамскага павету Уладзімерскае губ. мы сустракаем цэлы шэраг прадметаў, аналёгічных люцынскім і іншым беларускім знаходкам: падковападобныя фібулы з эмальлю, заходняга тыпу, овальныя чашачныя фібулы скандынаўскага пахаджэньня, нагрудныя ланцугі з праразнымі пласьцінкамі, аналёгічныя некаторым знаходкам паўночна-заходняе Беларусі (каля Дзьвінску). Адна з мяранскіх падвесак, грубая па тэхніцы, у выглядзе пяці сканных кружкоў у перайманьне ячэяк для пэрлаў[1], пры параўнаньні яе да падобнага-ж, але значна болей тонкага экзэмпляру з м. Рэбрыны ў Венгрыі[2] можа да вядомай ступені служыць, як паказьнік аднаго з магчымых шляхоў пераходу пэўнага дэкорацыйнага тыпу ў мяранскія старажытнасьці. У пазьнейшы час, каля X сталецьця, таксама наглядаецца блізкае падабенства, напрыклад, паміж беларускімі і мяранскімі штампаванымі ці літымі круглымі падвескамі; характэрны орнамэнт мяранскіх падвесак, які складаецца з рознага тыпу розэтак, разводаў, пляценьня і, найболей часта, з падвойных віткоў[3], выяўляе амаль што поўную аналёгію да орнамэнту некаторых прадметаў з Гнёздава[4]; таксама мяранскія стылізаваныя фігуры арла[5] паўтараюць аналёгічныя фігуры з Гнёздава[6] і з Барысаўшчыны[7]. Частка мяранскіх прадметаў, пры гэтым, можа быць беспасрэдна смаленскага ці наагул прыдняпроўскага пахаджэньня, будучы перанесена шляхам гандлю ў басэйн Акі; другая-ж, як сьведчыць меней дакладная тэхніка выкананьня і ўжываньне ў якасьці
Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/22
Гэта старонка была вычытаная