Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/226

Гэта старонка не была вычытаная

ДВА ТЫПЫ ГОТЫЦКІХ ПОМНІКАЎ У БЕЛАРУСІ.

ем у беларускай архітэктуры яшчэ і ў XVII сталецьці; готыцкія сыстэмы ўпарта і традыцыйна захоўваліся тут нават побач з архітэктурнымі формамі Рэнэсансу, і канчаткова зьніклі толькі пад магутным націскам барокко. Але за час з XV да XVII сталецьця яны прарабілі тут сваеадменную эволюцыю. У той час як першыя готыцкія пабудовы Вільні ў шмат чым можна лічыць яшчэ толькі за помнікі нямецкае готыкі на тэрыторыі Беларусі, — у пазьнейшую эпоху, а галоўным чынам пачынаючы з XVI сталецьця, характар готыцкіх будоў у Беларусі настолькі істотна відазьмяняецца, што для належнага стылістычнага іх азначэньня ўжо адчуваецца патрэба ў нейкім новым тэрміне. Захоўваючы чыста готыцкія схэмы, асабліва ў сваіх асноўных конструкцыйных прыёмах, а таксама ў некаторых нутраных дэталях, будовы гэтыя ў той самы час ужо настолькі ўхіляюцца ў агульнай сваёй композыцыі ад пачатковых сваіх першаўзораў, і набываюць настолькі адменны ад усіх вядомых нам заходня-эўропейскіх готыцкіх помнікаў характар, — што ў іх ужо прыходзіцца бачыць зусім асобную архітэктурную групу, якая стварае нейкі новы адменьнік готыцкага архітэктурнага стылю. Такім чынам, калі да XVI сталецьця мы можам казаць толькі аб готыцы ў Беларусі (пры гэтым ласьне аб нямецкай готыцы), — дык пачынаючы з гэтага часу мы павінны ўжо казаць аб асобнай беларускай готыцы, укладаючы ў гэтае паняцьце ня толькі тэрыторыяльны, але таксама і формальна-стылістычны сэнс.

У гэтых адносінах усе готыцкія помнікі Беларусі падзяляюцца на дзьве групы, паміж якіх не адразу можна выявіць пасьлядоўную генэтычную сувязь. З першага погляду часам нават здаецца, што абедзьве гэтыя групы маюць паміж сабой вельмі мала супольнага, за выняткам толькі самых асноўных конструкцыйных схэм. Нельга, аднак, лічыць, каб гэтае першае ўражаньне зьяўлялася абсолютна правільным. У разьвіцьці беларускае архітэктуры ў ХV–ХVІ сталецьцях мы не знаходзім сьлядоў якога-колечы рэзкага павароту, які спрыяў-бы нейкаму раптоўнаму пераходу нямецкіх готычных форм у новыя самастойныя формы беларускае готыкі, бяз жадных прамежкавых этапаў і органічнае эволюцыйнае сувязі. Гэтыя прамежкавыя этапы, бясспрэчна, павінны былі існаваць, ― але ў цяперашні час, на жаль, іх немагчыма вызначыць зусім ясна. Захаванасьць готыцкіх архітэктурных помнікаў Беларусі нельга лічыць асабліва добрай, і можна гададь, што тыя помнікі, якія яшчэ існуюць тут да цяперашняга часу, складаюць толькі частку ўсяе ранейшае готыцкае архітэктуры ў Беларусі. У аднэй толькі Вільні, напрыклад, шмат якія спачатку готыцкія будынкі (напр. касьцёл Яна, Катадральны касьцёл і інш.) былі ў пазьнейшыя часы грунтоўна перабудованы ў розных стылях, прычым большасьць з іх