Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/227

Гэта старонка не была вычытаная

БЕЛАРУСКАЯ ГОТЫКА XV–XVI СТ.

асабліва былі відазьменены ў эпоху барокко, так што ад іх ранейшай готыцкай асновы ўжо зусім нічога не засталося. Іншыя пабудовы, як напр. віленскі касьцёл Марціна на Замковай гары, былі канчаткова зруйнаваны і зьнішчаны. Часам наўмысьля руйнаваліся ня толькі напалову разбураныя пад уплывам часу, але нават і вельмі добра захаваныя будынкі, як напр. званіца віленскага Францішканскага касьцёлу, разабраная ў 1869 годзе але вядомая нам з аднаго старадаўняга малюнку[1]. Апроч усіх гэтых занатаваных фактаў маглі быць, зразумела, таксама і іншыя выпадкі пазьнейшых перабудовак, або зьнішчэньня готыцкіх помнікаў. Магчыма, што ласьне ў гэтых зьнішчаных пабудовах мы і маглі-б знайсьці якія-колечы сьляды паступовае відазьмены і перапрацоўкі заходня-эўропейскіх готыцкіх форм на беларускім грунце. Але, на жаль, усе яны выключаюцца з нашага разгляду і вывучаючы беларускую готыку, мы мімаволі павінны лічыцца з вядомай непаўнатой належнага матар’ялу.

Перш за ўсё гэта датычыць самых пачатковых касьцёльных будынкаў на тэрыторыі Заходняе Беларусі, якія павінны былі тут зьявіцца з канца XIV сталецьця, і ад якіх да цяперашняга часу не захавалася нават ніякіх рэштак. Толькі па аналёгіі да пачатковага разьвіцьця замковае архітэктуры мы можам лічыць, што ў аснову іх былі пакладзены, пэўна, нямецкія, дакладней кажучы крыжацкія ўзоры, якія паступова павінны былі падлягаць мясцовай перапрацоўцы. Але пачатку гэтага пераробчага процэсу мы заўважыць ня можам. Калі мы зварачаемся да першых больш-менш захаваных да нашага часу помнікаў, якія належаць ужо да XV сталецьця, — дык мы знаходзім у іх, пры агульным нямецкім характары, ужо некаторыя досыць ясна аформленыя дэталі, якія бясспрэчна зьявіліся ў іх у выніку нейкіх спэцыфічна мясцовых модыфікацый готыцкае асновы. Ня маючы болей грунтоўнага матар’ялу з ранейшых часоў, мы змушаны ў гэтых адносінах задавальняцца толькі памянёнымі дэталямі, шукаючы хаця-б у іх тых злучальных зьвеньняў, якія яднаюць старадаўнія готыцкія помнікі Беларусі з пазьнейшымі ўзорамі яе ўласнае царкоўнае готыкі. Праўда, у канцы XV сталецьця і ў самых конструкцыях, не зважаючы на агульную нямецкую іх аснову, мы ўжо таксама знаходзім некаторыя мясцовыя асаблівасьці, так што калі мы і ня можам адзначыць ва ўсіх дэталях процэс відазьмены нямецкіх готыцкіх форм у Беларусі, — дык у кожным разе маем магчымасьць заўважыць хоць некаторыя пазьнейшыя характэрныя моманты гэтага процэсу.

Трэба гадаць, што першапачаткова пры пабудове касьцёлаў у Беларусі павінна было адбывацца амаль тое самае, што мы на-на

  1. Гл. рыс. у Weber’a: Wilno, № 31.