Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/23

Гэта старонка была вычытаная

матар’ялу нізкапробнага серабра ці нават бронзы, зьяўляецца ўжо мясцовым перайманьнем занесеных з захаду форм.

Зразумела, усе гэтыя суадносіны беларускае тэрыторыі з мяранскімі краінамі ня гралі асабліва важнае ролі ў процэсе аформленьня яе ўласнага культурнага аблічча, паколькі пераход як самых вырабаў, так і адпаведных тыпаў, адбываўся да пэўнага часу ў бок меней разьвітое культуры, г. зн. з захаду на ўсход. Для Беларусі шлях гэты набыў значэньне моцнае крыніцы ўплыву толькі тады, калі пашырэньне і ўзмацненьне гандлю зрабіла яго шляхам зносін ня толькі з фінскімі, але таксама і з болей далёкімі ўсходнімі краінамі, у якіх славяны знайшлі значна болей высокія формы матар’яльнае наагул і мастацкае ў прыватнасьці культуры, ніж тыя формы, якімі яны ўладалі да гэтага часу. Тады па гэтым шляху, ужо ў адваротным кірунку, з усходу на захад, разам з вышэйпамяненым намі масавым вывазам прадметаў раскошы, пачаў сыстэматычна цячы магутны струмень усходніх ювэлірных вырабаў. У масе агульна-ўсходніх прадметаў у пэўны момант, праз пасярэдніцтва Пэрсіі, адно з выдатных месц, між іншым, тут занялі арабска-сірыйскія тыпы аздоб, якія мы можам адзначыць, напрыклад, у шмат якіх прадметах з Гнёздаўскага магільніку; там-жа, мабыць, трэба шукаць крыніцу ўсяго таго багатага ў сваёй дэкорацыйнай складанасьці сканнага і філіграннага стылю, які спачатку здаецца нам такім нечаканым у беларускіх знаходках Юхнаўскага, Нэвельскага і Гнёздаўскага скарбаў, а таксама ў залатых прадметах, знойдзеных у пахаванні каля вёскі Піліпкі на Горадзеншчыне[1]. Але тут не заўсёды, бясспрэчна, меў месца просты прывоз прадметаў ці літаральнае перайманьне іх у вырабах дапушчальнае мясцовае вытворчасьці. Цікаўным узорам пэўнае відазьмены ўсходніх дэкорацыйных форм у процэсе іх пераходу на тэрыторыю Беларусі зьяўляецца, напрыклад, гнездаўская капторга[2], аздобленая трыма рэльефнымі галоўкамі быкоў, замест тых конскіх галовак, што сустракаюцца, звычайна, ва ўсходніх капторгах; узор гэты досыць тыповы для славянскага варыянту ўсходняга стылю, дзе прынцып "зьвярынага орнамэнту" захаваны, але самым орнамэнтальным мотывам наданы новы зьмест, адпаведна тэй розьніцы агульных грамадзка-экономічных форм жыцьця, якая існавала паміж усходнімі вандроўнікамі і стала аселымі ўжо ў той час, занятымі земляробствам і жывёлагадоўляй славянскімі плямёнамі.

Трэба, аднак, зазначыць, што шлях гандлёвых зносін з усходам злучаў з ім, пераважна, усходнюю частку беларускае тэрыторыі,

  1. З раскопак С. Дубінскага 1914 году.
  2. Эрмітаж, адз. XIV, шафа I, табл. 4. Здымак у Н. Кондакова. Указатель отделения Средних Веков и Эпохи Возрождения. СПБ. 1891. Стар. 254, мал. 37.