Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/232

Гэта старонка не была вычытаная

ЗВАНІЦА ФРАНЦІШКАНСКАГА КАСЬЦЁЛУ Ў ВІЛЬНІ.

цэглаю, а можа нават алебастрам, у выглядзе як-бы краткі з выцягнутых шасьцікутнікаў. Уся паласа была зьмешчана на фасадзе з такім разрахункам, каб адлегласьць між ёю і дольнім гзымсам была аднолькавая з тым прамежкам, які аддзяляў гэты гзымс ад горняга краю пралёту брамы, чым дасягаўся надзвычайна гармонічны падзел, і разам з тым найболей вытрыманая аздоба фасаду.

Мяжа другога і трэцяга паверхаў званіцы нічым ня была спэцыяльна падкрэсьлена, але калі правесьці ўмоўную лінію між перадзеламі бакавых слупкоў, дык беспасрэдна на гэтай лініі пачыналася эфэктоўная дэкорацыя, якая складала быццам ужо пачатак трэцяга паверху. Тэхнічна яна была зроблена зусім таксама як і папярэдняя дэкорацыйная паласа, але мела зусім іншы орнамэнт. На белым атынкаваным тле, паглыбленым у мур, тут былі разьмешчаны тры вялікія, тонкія, шчыльна прылеглыя адна да аднэй акружыны, у сярэдзінах якіх знаходзіліся як-быццам квадраты з прагнутымі бакамі, а ўсё гэта наўкола было абведзена аднэй суцэльнай лініяй. Гэтая простая, але надзвычайна ўдалая ў сваіх абрысах аздоба складала падставу для галоўнае часткі фасаду, якая цалкам пераважала ў будынку і надавала яму конструкцыйны сэнс.

Трэці паверх зьяўляўся ласьне званіцай, і памяшканьне для званоў раскрывалася ў надворны бок на фасадзе праз два пралёты рознае велічыні, але аднолькавае формы, у выглядзе вузкіх простакутнікаў з паўцыркульнымі аркамі. Пралёты гэтыя былі зроблены ў спэцыяльным полі, якое мела аналёгічныя пралётам, але зусім іншых пропорцый абрысы, было крыху высунута з фасаду наперад і ў адмену ад іншых частак яго — цалком затынкавана. Апроч пралётаў, у гэтым полі была яшчэ адна маленькая круглая бойніца. Уся гэтая частка фасаду ў агульным уражаньні адразу высоўвалася на першы плян, і разам з плаўнымі, закругленымі лініямі орнамэнтыкі іншых паверхаў як-бы давала асноўны стылістычны тон будынку, які канчаткова заглушаў адзін супярэчны яму востралук у вакне другога паверху. Вакно гэтае набывала значэньне амаль зусім няістотнае дэталі, у той час як мотыў паўцыркульнае аркі і акружыны меў поўную перавагу.

Згары ўвесь будынак быў абведзены вузкім паяском і гзымсам, дзе зьмяшчалася яшчэ некалькі бойніц, а далей пачыналася пакрыцьцё ў выглядзе пірамідальнага чатырохспаднага даху.

Трэба зазначыць, што калі паасобныя дэталі гэтае званіцы і можна яшчэ вытлумачыць з заходня-эўропейскіх готыцкіх форм, — дык усё-ж у цэлым мы маем тут ужо прыклад нейкае зусім новае концэпцыі готыцкага будынку, дзе роля мясцовае перапрацоўкі гэтых форм зьяўляецца асабліва значнай. Чужаземны ўзор не пераняты тут беспасрэдна, але ўмела і свабодна