Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/235

Гэта старонка не была вычытаная

БЕЛАРУСКАЯ ГОТЫКА XV–XVI СТ.

ператварэньня ў новых умовах, з чаго вынікае ўсё далейшае разьвіцьцё беларускае готыкі пазьнейшага часу. Такім чынам, абодва гэтыя помнікі, бязумоўна, варты аднолькавае ўвагі з боку дасьледчыка, які жадае выявіць найболей істотныя рысы беларускае готыкі і высьветліць асноўныя крыніцы яе пахаджэньня.

У першую чаргу такую ўвагу мы аддамо касьцёлу Ганны. Адзначаючы, што гэты будынак зьяўляецца амаль што вынятковым узорам нямецкае готыкі на беларускім грунце, мы павінны асабліва падкрэсьліць беспасрэдную яго залежнасьць ласьне ад чыста царкоўных готыцкіх будынкаў Нямеччыны з усімі іх характэрнымі стылістычнымі рысамі, у процілегласьць іншым готыцкім пабудовам Беларусі, у аснову якіх у большасьці былі пакладзены якраз не царкоўныя, але ваенна-замковыя або цывільныя першаўзоры. Касьцёл Ганны зьяўляецца ў Беларусі адзіным помнікам, дзе выяўлены тыповыя рысы позьняе царкоўнае готыкі стылю flamboyant, з яе падробненымі дэталямі, замілаваньнем да вострых і стрэльчатых дэкорацыйных форм і асабліва ўзмоцненым вылучэньнем асноўных вэртыкаляй у рознастайных высокіх вежах і завостраных шпілях. Усе гэтыя рысы цалком супадаюць з характэрнымі асаблівасьцямі позьняе нямецкае готыкі і прымушаюць лічыць запраўды магчымым беспасрэдны ўдзел у яго пабудове якіх-колечы нямецкіх майстроў, зьвязваючы яго з тэй нямецкай часткай насельніцтва Вільні, якая, мабыць, яшчэ з пачатку XV сталецьця займала досыць значнае месца ў складзе віленскага гандлёвага і рамесьніцкага мяшчанства. Увесь легендарны матар’ял, датычны часу пабудаваньня касьцёлу Ганны, трэба, зразумела, адхіліць, і ўжо па адных стылістычных падставах нельга лічыць магчымым, каб ён быў збудаваны ў канцы XIV сталецьця, як кажа пашыранае паданьне. Паданьне гэтае грунтуецца, магчыма, і на гістарычным факце пабудаваньня аднайменнага касьцёлу праз жонку Вітаўта Ганну, пацьвярджэньнем чаму можа быць тэстамэнт віленскага біскупа Андрэя ад 27 кастрычніка 1398 году, дзе гэты касьцёл запраўды памінаецца. Але бясспрэчна гэта быў ня той касьцёл, што існуе цяпер, бо ўжо бяручы хаця-б на ўвагу сьведчаньне вандроўніка de Lannoy ад 1414 году аб тым, што Вільня складаецца выключна з драўляных будынкаў і ня мае аніводнае мураванае царквы, — трэба лічыць, што гэты першапачатковы касьцёл Ганны быў збудаваны з дрэва, таксама як і першапачатковы Бэрнардынскі касьцёл 1469 г. Апошні пазьней, у 1475 годзе, зьнішчаны быў пажарам, які закрануў і касьцёл Ганны, але з вестак аб гэтым пажары відаць, што ў касьцёле Ганны абваліліся скляпеньні, і што даўгі час пасьля таго яго не ўдавалася аднавіць. Адсюль вынікае, што ў 1475 годзе на месцы ранейшага драўлянага будынку існаваў ужо мураваны касьцёл, і такім чынам пабудову яго, хутчэй за