Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/236

Гэта старонка не была вычытаная

КАСЬЦЁЛ ГАННЫ Ў ВІЛЬНІ.

ўсё, можна дапасаваць да сярэдзіны XV ст. Пасьля пажару 1475 году да асноўнае масы касьцёлу далучыліся, зразумела, розныя дадаткі, асабліва з грунтоўнае адбудовы 1501—1502 г. і нават з яшчэ значна болей позьняга часу[1], — але ў аснове тут усё-ж застаўся нязьмененым характэрны нямецкі позьня-готыцкі будынак, стылістычна тыповы якраз для XV сталецьця.

Будынак касьцёлу Ганны мае звычайны простакутны плян і перакрыты двохспадным дахам па трыкутных фронтонах. У гэтай асноўнай частцы ён мае сьціслую сувязь і з апісаным намі вышэй Мікольскім касьцёлам і з бліжэйшым да яго касьцёлам Бэрнардынскім, прычым з апошнім яго яшчэ болей яднае амаль што такі самы прыём апрацоўкі бакавых фасадаў. Як гэта звычайна ў помніках позьняе царкоўнае готыкі, у абодвых выпадках бакавыя муры тут амаль што зусім зьнішчаны як суцэльныя роўніцы і заменены як-бы на шэраг слупоў, пастаўленых на нізкім цокалі і злучаных згары востралукамі, паміж якіх знаходзяцца вялікіх памераў вокны. Таксама значнае падабенства заўважаецца паміж касьцёлам Ганны і Бэрнардынскім касьцёлам у формах альтарнае часткі: і тут, і там яна мае выгляд вялікай выцягнутай кантовай апсіды, далучанай з аднаго боку да асноўнага простакутнага будынку, болей нізкай за гэты будынак, і перакрытай самастойным дахам. Але ў надворнай апрацоўцы гэтае апсіды ўжо пачынаецца розьніца; у той час як у Бэрнардынскім касьцёле прамежкі між вакон падтрыманы простымі, не орнамэнтаванымі контрфорсамі, у касьцёле Ганны яны маюць складаную апрацоўку ў выглядзе высокіх, фігурных эскарпаў з дадаткам завостраных дэкорацыйных вежак нагары. Лініі гэтых эскарпаў цалком панямецку падкрэсьліваюць у гэтым месцы асноўны вэртыкалізм пабудовы, і ўзгадняюць апрацоўку апсіды з дэкорацыяй галоўнага фасаду, выяўляючы яшчэ болей усю істотную прынцыповую розьніцу гэтага будынку ад аналёгічна расплянаванага, але зусім іначай апрацаванага знадворку Бэрнардынскага касьцёлу.

Галоўны фасад касьцёлу Ганны дэкораваны з дапамогаю цэлага шэрагу рознастайных арак, пілястраў, вокан ды іншых дэ-

  1. Напрыклад, вялікі князь Жыгімонт-Аўгуст у сваім тэстамэнце ад 6 траўня 1571 г. (з шчорсаўскага архіву Адама Хрэбтовіча) завяшчае “dokonać kościoła S. Anny w Wilne”, а таксама загадвае, у выпадку, калі яму давядзецца памерці ў Вялікім Княстве, пахаваць яго “na zamku w kościełe nowym S. Anny”. M. Baliński:, I. II, 162, 180. Адсюль відаць, што ў канцы XVI ст. касьцёл Ганны яшчэ лічыўся “новым” пасьля нядаўніх аднаўленьняў, і што ў гэты час нават прадбачылася яшчэ нейкае яго “даканчэньне”. Няма падстаў, аднак, лічыць, каб гэтае апошняе магло датычыць істотных частак конструкцыі; магчыма, што ў даным выпадку мелася толькі на ўвазе канчатковая адбудоўка пахавальных капліц, або што-колечы падобнае да таго.