Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/239

Гэта старонка не была вычытаная

БЕЛАРУСКАЯ ГОТЫКА XV–XVI СТ.


рысам цэнтральнае кілепадобнае аркі, разьвязваецца ў горняй частцы яго так свабодна і лёгка, што амаль не заўважаеш, як адбываецца тут канчатковы пераход да пераможных вэртыкаляй, — і ў цэлым здаецца, нібыта ўвесь фасад нястрымана імкнецца ўгару ў лёгічнай складанасьці сваіх бязьлічных вострых вуглоў і яшчэ болей завостраных шпілей. Бясспрэчная нязвычайнасьць і вынятковасьць гэтага будынку сярод іншых помнікаў як наагул беларускай, гэтак, часткова, віленскай архітэктуры — яшчэ асабліва падкрэсьлівае ўсё майстэрства яго выкананьня. Варта пры гэтым увагі, што адзіным тэхнічным прыёмам у апрацоўцы яго складанага і так удала зробленага фасаду зьявілася звычайная цагляная кладка, пры поўнай адсутнасьці скульптурных аздоб, пашыраных у готыцкіх будовах Захаду. З дапамогай аднэй толькі цэглы тут была створана самая жвавая ігра строга прадуманых ліній, якія чытэльна разьбілі фасад і надалі яму магчымасьць закрасаваць глыбокімі і эфэктоўнымі модуляцыямі сьвятла і цені. Звычайная цагляная кладка дазволіла дасягнуць дынамічнай і ў той самы час высока гармонічнай суцэльнасьці. Але трэба гадаць, што якая-колечы скульптурная аздоба ў даным разе нават і ня прыдалася-б, — настолькі стройны ўвесь фасад цалком і скончаны ў сваіх дэталях. I ў гэтым асабліва выразна тут яшчэ раз выяўляюцца бязумоўна нямецкія будаўнічыя прыёмы, найбольш дасканалыя ласьне ў цаглянай готыцы. Калі параўнаць касьцёл Ганны да гэтых нямецкіх готыцкіх помнікаў, — дык мы павінны будзем адразу-ж залічыць яго ласьне да гэтае групы, і ў гэтым сэнсе, напрыклад, набліжэньне фасаду віленскае Ганны да аналёгічна апрацаваных фронтонаў царквы Тройцы ў Гданску можа быць асабліва паказальным.

Усе пералічаныя намі дадатныя рысы касьцёлу Ганны ня здолелі, аднак, замацаваць за ім асабліва важнае ролі ў беларускай архітэктуры таго часу. Не зважаючы на ўсю сваю дасканаласьць і стылістычную скончанасьць, ён застаўся ўсё-ж нейкім выключным зьявішчам, адзначаючы пэўны характэрны момант у архітэктурнай гісторыі Беларусі XV сталецьця, які, аднак, ня можа лічыцца за асабліва істотны этап у агульным поступе беларускага готыцкага будаўніцтва. Значэньне гэтага помніку амаль што ня выходзіць за яго ўласныя межы і мала адбіваецца ў процэсе далейшага аформленьня беларускага готыцкага тыпу, які вынікае ня з гэтае асновы, і амаль што нічога з яе не бярэ. Далейшае разьвіцьцё беларускае готыкі, наадварот, зусім адкідае і тую агульную концэпцыю будынку, і тыя надворныя дэталі дэкорацыйнага характару, якія выявіліся ў касьцёле Ганны пры ўмовах вядомае выпадковасьці гэтага чужога архітэктурнага організму для беларускае глебы, і замяняе іх на зусім іншую і новую манеру архітэктурнага выяўленьня, што