Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/24

Гэта старонка была вычытаная

і, мабыць, ласьне Гнёздава зьяўлялася цэнтральным пунктам усходняга гандлю, таксама як і некаторых іншых гандлёвых опэрацый у зносінах з Скандынавіяй[1], а таксама, магчыма, з Валыньню, на што паказваюць некаторыя формы гнёздаўскіх завушніц і філігранных падвесак у выглядзе поўмесяца[2]. У іншых мясцовасьцях Беларусі, і асабліва ў старажытнасьцях болей раньніх часоў, сувязь з Усходам ня так прыкметна. Апроч таго, у кожным паасобным выпадку часам бывае цяжка дакладна вызначыць тыя шляхі, праз якія беларуская тэрыторыя атрымала той ці іншы тып прадмета ці даную орнамэнтальную форму, бо яна мела, магчыма, і некаторыя іншыя сувязі, з дапамогаю якіх нават усходнія ў сваёй аснове формы маглі заносіцца ў Беларусь не беспасрэдна з усходу і нават задоўга яшчэ да пачатку правільных гандлёвых зносін з усходнімі краінамі. Галоўную ролю сярод іх гралі сувязі у заходніх напрамках. Часткова яны адчуваюцца таксама і ў знаходках ўсходняе Беларусі, дзе, — напрыклад, шматлічнасьць перакрыжаваных у тым-жа Гнёздаве гандлёвых шляхоў стварала досыць складаную сыстэму рознастайных уплываў; як узор, тут можна зазначыць, напрыклад, некаторыя тыпы пражак; далей — плечавыя фібулы з падвеснымі ланцужкамі[3], блізкія па форме да аналёгічных прадметаў Люцынскага магільніку і зьвязаныя, магчыма, у сваім пахаджэньні з некаторымі тыпамі старажытнасьцяй Вэнгрыі (напрыклад, скарб з Апагіды) і праз іх ужо — з антычнымі рымскімі формамі; нарэшце, адну з шматлічных гнёздаўскіх падвесак, якая рысункам сваім нагадвае антычную маску[4]. У іншых мясцох сярод беларускіх старажытнасьцяй можна наогул вызначыць шэраг рымскіх прадметаў і форм[5]: да ліку іх належаць, напрыклад, так званыя "арбалетныя" фібулы, сьпіральныя бранзалеты-налокатнікі, а таксама некаторыя тыпы пярсьцёнкаў і, магчыма, эмалевых падвесак. Шляхі, якімі заходзілі ўсе гэтыя тыпы ў Беларусь, можа, і немагчыма пакуль што вызначыць зусім дакладна; маглі тут граць ролю і заходнія гандлёвыя зносіны, — зразумела не беспасрэдныя з Рымам, але з тымі ці іншымі з ліку яго эўропейскіх провінцый, — або вандроўкі насьледнікаў рымскае культуры — гэтак званых "барбарскіх" пляменьняў — па абшарах Цэнтральнае і Усходняе Эўропы. Магчыма, у залежнасці ад апошняга некаторыя знойдзеныя ў Беларусі тыпы набліжаюцца

  1. Пар. В. И. Сизов. Гнездовский могильник, стар. 116-118. А. Спицин. Гнездовские курганы в раскопках Сергеева. 'Известия Имп. Археологической Комиссии', № 15, стар. 7-8. Е. Клетнова. Великий Гнездовский могильник. 'Niededŭv Sbornik'. Praha, 1925. Стар. 314-316.
  2. Русские древности в памятниках искусства, V, мал. 54, 56-58.
  3. Ibidem, мал. 63.
  4. Ibidem, мал. 62.
  5. Пар. зацьверджаньне А. Спицына: "Працы першага зьезду дасьледчыкаў беларускае архэолёгіі і архэографіі", стар. 27.