Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/242

Гэта старонка не была вычытаная

БЭРНАРДЫНСКІ КАСЬЦЁЛ Ў ВІЛЬНІ.

нардынскі касьцёл, зьяўляюцца будынкамі ўмацаванымі, запраўды напалову цытадэльнага характару, дзе ёсьць цэлы шэраг спэцыяльных абаронных прылад, з дапамогай якіх касьцёл ці царква набываюць запраўднае значэньне як-быццам маленькага абароннага замку. Сам па сабе такі характар царкоўнага будынку ня ёсьць нешта выключнае ці надзвычайнае: лічныя прыклады ўмацаваных цэркваў вядомы ў архітэктуры Заходняе Эўропы, а таксама ў Польшчы, і, часткова, на Украіне. Варта ўвагі, аднак, што нідзе такая сыстэма цытадэльнае царквы не засталася дапасаванай да якога-колечы аднаго архітэктурнага тыпу, і толькі ў Беларусі такі тып быў створаны ў XVI сталецьці ў цалкам сваеадменных архітэктурных формах, чаму спрыяла, мабыць, уся ранейшая будаўнічая практыка ў сувязі з конкрэтнымі вымаганьнямі царкоўнага і касьцёльнага будаўніцтва ў умовах рэлігійнае барацьбы. Гэтая характэрная асаблівасьць беларускіх цытадэльных цэркваў выяўляецца асабліва выразна пры параўнаньні іх да бліжэйшых аналёгічных узораў, г. зн. да абаронных касьцёлаў Польшчы, у якіх пануе поўная неўсталяванасьць тыпу, што між іншым ужо адзначалі некаторыя польскія дасьледчыкі[1].

Віленскі Бэрнардынскі касьцёл зьявіўся, мабыць, адным з першых помнікаў цытадэльна-царкоўнага будаўніцтва ў Беларусі, з прычыны чаго абаронны характар яго паасобных частак быў выяўлены, можа, і ня зусім яшчэ выразна. Часткова, магчыма, гэта было ў сувязі з тым, што даны касьцёл, які знаходзіўся ў цэнтральнай частцы вялікага места, яшчэ і ня меў патрэбы ў асабліва грунтоўным умацаваньні і не складаў цалком адасобненае цытадэльнае адзінкі: хутчэй, ён проста ўваходзіў у лінію ўмацаваньняў Дольняга замку ў адпаведнасьці таму палажэньню, якое ён займаў у стасунку да замковае тэрыторыі; аднак, ужо і тут у конструкцыю будынку былі ўнесены спецыяльныя абаронныя прылады ў выглядзе шэрагаў бойніц наўкола муроў і ў вежах. У цяперашні час адзін з такіх шэрагаў захаваўся на паўночным фасадзе; таксама бойніцы розных форм відаць па ўсіх паверхах усходняе вежы; у іншых мясцох, аднак, абаронныя прылады зьнішчаны ў часе пазьнейшых пераробак, так што сучаснае становішча будынку нават і не дае нам поўнага ўяўленьня адносна яго першапачатковае ўмацаванасьці.

Усе пералічаныя конструкцыйныя асаблівасьці досыць блізка ўжо далучаюць Бэрнардынскі касьцёл да помнікаў пазьнейшае беларускае готыкі, якая выявілася ласьне ў тыпах умацаваных царкоўных будынкаў. Побач з гэтым, аднак, некаторыя часткі Бэрнардынскага касьцёлу сьведчаць яшчэ і пра вядомую яго залежнасьць ад папярэдніх нямецка-готыцкіх форм. Папершае,

  1. А. Szyszko-Bohusz, ор. сіt., str. 331, 375−376.