Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/243

Гэта старонка не была вычытаная

БЕЛАРУСКАЯ ГОТЫКА XV–XVI СТ.

тут яшчэ ўжыта, як мы казалі, амаль што такая самая як і ў касьцёле Ганны сыстэма агульнага расплянаваньня будынку, які складаецца з асноўнага трохнэфнага корпусу і прыбудаванай да яго з аднаго боку вялікай многасьценнай апсіды, моцна выцягнутай у даўжыню. Падругое, нават пры ўсёй агульнай розьніцы ў надворнай апрацоўцы гэтага пляну, тут усё-ж яшчэ раз паўторана аналёгічная касьцёлу Ганны апрацоўка бакавых фасадаў, якія ва ўсю вышыню прарэзаны вялікімі вокнамі з востралукамі на гары, з тэй толькі розьніцай, што з прычыны большых памераў будынку і большае складанасьці скляпеньняў у яго бакавых нэфах — прамежкі між вокан атрымалі ў Бэрнардынскім касьцёле спэцыяльныя абапоры ў выглядзе высокіх, але досыць тонкіх эскарпаў. Аналёгічныя эскарпы знаходзяцца тут і на заходнім фасаде, — але цалком першапачатковы выгляд яго моцна зьменены пазьнейшымі пераробкамі: можна гадаць, аднак, што спачатку тут таксама было вялікае стрэльчатае вакно, з бакоў якога зьмяшчаліся дэкорацыйныя нішы, што, зразумела, ужо не супадае з апрацоўкай аналёгічнага фасаду ў касьцёле Ганны.

У нутраным ладзе касьцёлу, у тых яго частках, якія захаваліся нязьмененымі ад пазьнейшых пераробак, мы знаходзім складаныя сыстэмы позьня-готыцкіх скляпеньняў, якія таксама яшчэ выходзяць з чыста нямецкіх архітэктурных крыніц. Першапачатковае накрыцьцё захавалася тут ва ўсходніх частках бакавых нэфаў і ў закрыстыі; у першых мы бачым дасканала зробленыя зорчатыя скляпеньні з пучкамі энэргічна профіляваных нэрвюр, з нутранога боку абапёртых аб шэрагі зграбных васьмісьценных філяраў з характэрнымі валікамі па кантах, а з надворнага боку зьлітых з прамежкамі між вокан, падтрыманымі з надворку абапорнымі эскарпамі. У закрыстыі сустракаюцца ка-